Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За маёй справай назіраюць Скрабец, Марыніч і Казулін”


Учора Вярхоўны суд Беларусі пачаў разгляд скаргаў незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня.


У першы дзень абмеркавалі шэсьць заяваў. У судзе абяцаюць завершыць справы незадаволеных да 11 верасьня.

Сёньня найбольшую цікавасьць прадстаўляе скарга Міколы Статкевіча.

Спадар Статкевіч мае судзімасьць, якая будзе пагашаная толькі праз 11 месяцаў. Але ў беларускім заканадаўстве цяпер існуе прававая калізія паміж Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам. У кодэксе запісана, што тыя, хто маюць судзімасьць, ня могуць рэгістравацца кандыдатамі ў дэпутаты, прызнае спадар Статкевіч:

“І гэта закранае шмат людзей, у тым ліку палітзьняволеных. Напрыклад, тых, хто знаходзіцца цяпер на хіміі “па справе 14-ці”. Бо ты знаходзішся з гэтай судзімасьцю да канца пакараньня, нават калі ты вызвалены ўмоўна-датэрмінова. І гаворка тут не пра мяне, а найперш пра гэтых людзей. Бо ў Канстытуцыі запісана, што ёсьць толькі два абмежаваньні: калі ты прызнаны судом недзеяздольным, то бок псыхічна хворым альбо знаходзішся ў месцы зьняволеньня. І ёсьць такі сказ: любое іншае абмежаваньне выбарчых правоў недапушчальна і караецца законам.

Такім чынам, існуе прававая супярэчлівасьць. У такіх выпадках, згодна з Асноўным законам краіны (артыкул 137, частка другая) дзейнічае Канстытуцыя)”.

Гэта прававая калізія зацікавіла кіраўніка місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ ў Беларусі нямецкага амбасадара Арэнса. Учора падчас сустрэчы са старшынём Вярхоўнага суду Валянцінам Сукалам ён папрасіў патлумачыць яму сытуацыю. Спадар Сукала не стаў камэнтаваць становішча. Ён спаслаўся на тое, што ягоны камэнтар можна будзе расцаніць як уціск на судзьдзю, якая вядзе гэтую справу. Але ён паабяцаў кіраўніку назіральнікаў, калі рашэньне ня будзе знойдзена, зьвярнуцца па тлумачэньні ў Канстытуцыйны суд краіны.

Мікола Статкевіч сказаў “Свабодзе”, што вэрдыкт у ягонай справе абяцалі абвесьціць заўтра а 14-й гадзіне:

“Мне цікава, як яны будуць выкручвацца. Я разумею, што яны не прызнаюць маё права і права судзімых удзельнічаць у выбарах, нягледзячы на Канстытуцыю. Яны будуць круціцца па ўсялякаму. Бо прызнаць маё права, азначае прызнаць правы вялікай колькасьці людзей на права ўдзельнічаць у выбарах, прынамсі ў прэзыдэнцкіх. Таму што, я ўпэўнены, за маёй справай назіраюць і Скрабец, і Марыніч, і Казулін. Бо, гэта, так бы мовіць, і іхны лёс.

З улікам усяго гэтага суд, мабыць, будзе шукаць нагоду мне адмовіць. Як гэта можна зрабіць у такой празрыстай сытуацыі, я не ўяўляю. Але, я думаю, геніяльная юрыдычная думка дзяржавы цяпер працуе над гэтай калізіяй”.

Учора ва ўсіх шасьці скаргах рашэньне не абвесьцілі. Усім заяўнікам прапанавалі прыйсьці за адказам 9 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG