Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі салдат думае, як накручваць анучы, то прайграе”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Віталь Каратыш.


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — Віталь Каратыш. Ён з Лунінца, нарадзіўся і працаваў у Кажан-Гарадку — эканамістам, дырэктарам калгаснага Дому культуры. Звольнены адтуль за ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі на баку дэмакратаў. Сёлета завочна скончыў эканамічны ўнівэрсытэт у сталіцы. Калі вылучаўся кандыдатам у дэпутаты, “раптоўна” атрымаў позву ў ваенкамат.

Днямі камандаваньне часткі на Магілёўшчыне вымушанае было адпусьціць адзінага прадстаўніка Берасьцейшчыны дадому: радавога Каратыша зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Лунінца. Гэта — беспрэцэдэнтны выпадак у Беларусі. Дык як будзе змагацца радавы Віталь Каратыш на выбарчым фронце, на што ён разьлічвае?

— …Экстранна выклікалі ў ваенкамат, экстранна завялі да ваеннага камісара, дзе ўжо сядзеў “купец” з брыгады сакрэтнай сувязі. Калі ён разгарнуў маю справу і пачытаў, што я зьяўляюся сябрам Партыі БНФ, маю палітычныя амбіцыі, ён спалохаўся: “У нас будуць праблемы з контравыведкай”.

Тады мне й паабяцалі, што з арміяй пакуль пытаньне закрываецца — зноў да мяне прыйдуць, калі я ня вытрымаю канкурэнцыі ў змаганьні за дэпутацтва. Але ж слова не стрымалі — я экстранна спатрэбіўся вайсковай частцы на Магілёўшчыне. Дарэчы, там я зараз адзін з усёй Берасьцейскай вобласьці.

— Цябе адпусьцілі на выбары зь якой фармулёўкай?

— Доўга не маглі прыдумаць, бо яе няма! Ну не пісаць жа насамрэч салдату нешта кшталту: “адпачынак з мэтай правядзеньня агітацыйнай кампаніі”… Маёр урэшце дадумаўся да наступнага: я еду на “сацыяльны адпачынак”.

— Што для вас найвялікшы посьпех у вашым маладым яшчэ жыцьці?

— Тое, што ў мяне шмат сяброў. Верных і шчырых.

— Яны не падвялі, калі вы апынуліся ў войску, і зьбіралі галасы самі. Колькі маеце ў выніку?

— Паўтары тысячы.

— У камандзе толькі моладзь?

— Узрост ад майго да перадпэнсійнага — вельмі розны.

— Каго вы бачыце ў рэальным жыцьці на п'едэстале? Напрыклад, сярод палітыкаў, калі вы пачалі ўцягвацца ў гэтую плынь.

— Шмат у чым мне падабаецца манера зносінаў і прафэсійныя палітычныя якасьці Алеся Міхалевіча з Партыі БНФ, якога, на жаль, нядаўна выключылі зь яе шэрагаў. Захапляюся, у прыватнасьці, ягоным уменьнем арганізаваць працу каманды — проста ўзор для мяне!

— Ну а ў літаратуры?

— Васіль Быкаў. Калі ўжо не ідэал, то дакладна зорка, якая сьвеціць і час ад часу дапамагае мне. Ягоныя творы кранаюць душу.

— У зьвязку з выбарамі ў вас здарыўся доўгатэрміновы, як я разумею, адпачынак ад службы. Расцэньваеце яго як часовы, пасьля чаго зноў вернецеся ў казарму, або спадзеяцеся, што ён стане стартам парлямэнцкай кар'еры? Вы нумар адбываеце ці змагаецеся?

— Мэта для мяне — перамога. Калі я буду зараз думаць пра тое, як мне вяртацца ў частку і накручваць анучы, то не атрымаецца ніякай кампаніі. Мы зь сябрамі настроеныя на працу, што прынясе перамогу. Чаго шчыра жадаю і ўсім астатнім кандыдатам ад незалежных сілаў.


«У брыгаду спэцсувязі мяне не ўзялі – напалохаліся контрвыведкі»

Падчас выбарчай кампаніі малады чалавек «раптоўна» спатрэбіўся беларускай арміі. Яго прывезьлі наўпрост у кабінэт ваенкома, дзе ўжо сядзеў «купец». Калі прадстаўнік быргады сакрэтнай сувязі пачуў, што прызыўнік Каратыш – «фронтавец», мае багаты досьвед апазыцыйнай дзейнасьці і палітычныя амбіцыі, то ўмомант адмовіўся. Маўляў, будуць бясконцыя праблемы з контрвыведкай. Аднак празь нейкі час Віталю ўсё ж давялося адзець салдацкія боты. Днямі камандаваньне часткі на Магілёўшчыне вымушанае было адпусьціць адзінага прадстаўніка Берасьцейшчыны дадому: радавога Каратыша зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Лунінца.
У мястэчку Кажан-Гарадок, ён нарадзіўся, у 1999 годзе паступіў у Столінскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, а пасьля яго заканчэньня адразу ў два ўнівэрсытэты. Перавагу аддаў Беларускаму дзяржаўнаму эканамічнаму, былому «наргасу». Сёлета завочна скончыў яго.
Паралельна працаваў эканамістам у мясцовым калгасе, пасьля дырэктарам дома культуры. Адтуль быў звольнены за ўдзел у мінулай прэзыдэнцкай кампаніі на баку дэмакратаў. Уладкавацца затым змог толькі ў камэрцыйнай структуры – дзяржаўныя адмаўлялі маладому спэцыялісту. Затое армія была рада.
Вось некалькі ўрыўкаў зь інтэрвію Віталя Каратыша Радыё Свабода:
– Сваёй недапрацоўкай у гэтай выбарчай кампаніі лічу тое, што да яе пачатку ня змог наладзіць кантакты са сваімі будучымі канкурэнтамі. А каб тое здарылася, то, магчыма, мы пазьбеглі б разьмену сіл, выступілі б адзіным цэлым.
– Дзякуючы войску, раптам убачыў сярод равесьнікаў нараджэньне новай каштоўнасьці – яны пачынаюць цаніць сям'ю, думаюць, якім будзе іх дом, што раней адчувалася даволі невыразна. Яшчэ мае сябры імкнуцца да дабрабыту, спакою. І такая тэндэнцыя мне па душы.
– Што да маіх музычных прыярытэтаў, дык люблю аўтэнтычную народную творчасьць, характэрную для нашага краю. Але ж не цураюся і новага: сабралі ў сябе невялічкі рок-гурт і выконвалі з посьпехам уласныя песьні, збольшага беларускія.
– Калі ў мяне пытаюцца пра стаўленьне да ідэі байкоту, то адказваю: я асабіста буду змагацца да канца. І ўпэўнены, што перамагу.
У пятніцу прагучыць перадача на замову грамадзкага рэдактара тыдня Віталя Каратыша: «Служба ў войску: па беларускаму статуту ці па «традыцыях» савецкай арміі?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG