Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт Мэркеля: галоўны тэст – выбары


Дэвід Мэркель
Дэвід Мэркель

Сёньня памочнік намесьніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Дэвід Мэркель, які знаходзіцца з рабочым візытам у Менску, сустрэўся з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі. Пасьля гэтага ён накіраваўся ў Цэнтравыбаркам і адміністрацыю прэзыдэнта. Візыт стаў адказам на вызваленьне палітвязьняў у Беларусі.

У сустрэчы бралі ўдзел адзінаццаць прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі. Сярод іх тры сустаршыні палітрады аб’яднаных дэмсілаў, а таксама палітыкі Віктар Карняенка, Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч, былы палітвязень Аляксандар Казулін, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна, праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Паводле Паўла Севярынца, асноўнай тэмай размовы стала выбарчая кампанія ў Беларусі:

“Асноўнай тэмай былі выбары, і асноўная размова будзе весьціся вакол выбараў. Не вакол санкцый, не вакол інвэстыцыяў, а менавіта вакол умоваў правядзеньня выбараў. Гэта тэст. Для пачатку размовы трэба было вызваліць палітвязьняў. Размова пачалася, але прадмет размовы зараз — гэта не зьняцьцё абмежаваньняў, а правядзеньне выбараў. Гэта ёсьць галоўны тэст”.
Для пачатку размовы трэба было вызваліць палітвязьняў. Размова пачалася, але прадмет размовы зараз — гэта правядзеньне выбараў. П.Севярынец


Асноўную частку размовы, якая цягнулася амаль дзьве гадзіны, занялі ацэнкі сытуацыі ў краіне, якія падалі прадстаўнікі апазыцыі.

“Гэта быў грунтоўны абмен думкамі. Амэрыканскі бок мае патрэбу ў моцных фактах для размовы з афіцыйным Менскам. І ўвесь спэктар вось гэтых фактаў у прадстаўнікоў апазыцыі ёсьць. Факты, якія сьведчаць, што выбары не свабодныя, не справядлівыя, што сутнасьць рэжыму застаецца той жа самай. І патрэбны вялікія намаганьні Лукашэнкі і ягонай каманды, каб гэтыя выбары былі хаця б мінімальна набліжаныя да нейкіх стандартаў”.

Падводзячы вынікі сустрэчы са спадаром Мэркелем, першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў:

“Мы падобна разглядаем гэты прыезд. Самі амэрыканцы разглядаюць гэты прыезд як вельмі хуткую рэакцыю на вызваленьне трох вязьняў зь міжнародна прызнанага сьпісу. І мэта прыезду якраз — праясьніць магчымасьці для наступных крокаў з боку афіцыйнага Менску.
Пакуль што афіцыйны Менск ня мае асаблівага намеру рабіць нейкія наступныя значныя крокі. В.Вячорка


З таго, што мы выклалі, дастаткова відавочна, што вызваленьне трох вязьняў трактуецца Менскам як самадастатковы крок. І пакуль што афіцыйны Менск ня мае асаблівага намеру рабіць нейкія наступныя значныя крокі. Я прывёў такі прыклад, што нават сёньня, у дзень візыту спадара Мэркеля, Аляксандру Меху з Кобрына было адмоўлена ва ўзнаўленьні на працы.

Мы вітаем вызваленьне палітычных вязьняў. Вельмі высока цэнім ролю менавіта ЗША. Але разам з тым мы ня лічым магчымым мяняць стаўленьне да выбарчай кампаніі як недэмакратычнай. І я думаю, мы тут разуменьне якраз атрымалі, што па цяперашніх ацэнках выбарчая кампанія ня можа быць прызнаная як свабодная і справядлівая, а яе вынік — як легітымны”.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што плян далейшых прапановаў будзе агучаны беларускім бокам у адміністрацыі прэзыдэнта.

“Што тычыцца інтарэсу ЗША, то ён быў агучаны Мэркелем — гэта выбарчая кампанія, якая ідзе ў Беларусі. І пасьля таго як мы агучылі нашы ацэнкі, ён канстатаваў, што яны цалкам супадаюць з ацэнкамі, якія робіць Вашынгтон. Гэта для нас фактар пазытыўны. І тут няма ніякай сэнсацыі, бо і іх падыходы, і нашы грунтуюцца на прынцыпах АБСЭ.
Пасьля таго як мы агучылі нашы ацэнкі [выбарчай кампаніі], ён канстатаваў, што яны цалкам супадаюць з ацэнкамі, якія робіць Вашынгтон. А.Лябедзька


Выбарчая кампанія зьяўляецца надзвычай важнай. І калі тут беларускія ўлады пойдуць насустрач, то такі ж адэкватны крок можа рабіць і міжнародная супольнасьць, і, у прыватнасьці, ЗША.Тут таксама нашы падыходы супадаюць.

Улады беларускія трэба ставіць перад выбарам — альбо 12 умоваў Эўразьвязу, швэдзка-польская ініцыятыва, альбо санкцыі. Але выбар павінен быць — вось пра гэта мы гаварылі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG