Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няўжо мы сталі сьведкамі таго, як Захад зламаў Лукашэнку?..”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 23 жніўня 2008 году


На працягу мінулага тыдня ў Беларусі былі вызвалены з-за кратаў апошнія палітычныя зьняволеныя — спачатку Аляксандар Казулін, а яшчэ празь некалькі дзён — Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім. Такім чынам, выканана адна з галоўных умоў Захаду, каб пачаць дыялёг зь беларускімі ўладамі.

На гэтую тэму разважаюць у сваіх лістах на “Свабоду” нашы слухачы. Вось як адгукнуўся на апошнія падзеі вакол палітвязьняў Міхаіл Ляпешка зь Менску. Ён піша:

“Яшчэ нядаўна гэта здавалася немагчымым: Казулін на свабодзе, іншыя палітвязьні — таксама. Няўжо мы сталі сьведкамі таго, як Захад здолеў зламаць Аляксандра Лукашэнку? Відаць, нешта няладна ў беларускім каралеўстве, калі адладжаная рэпрэсіўная машына дала збой. Цяпер апазыцыя крычыць, што гэтага мала, што патрэбны дэмакратычныя выбары, свабодная прэса. Але ж усё адразу ня робіцца. Вось зробіць Захад нейкія саступкі Беларусі, адменіць санкцыі, палегчыць візавы рэжым — тады і Менск дазволіць апазыцыі адкрыць нейкую газэту, прапусьціць некалькі апазыцыянэраў у парлямэнт. Галоўнае, што пэўны рух пачаўся. А было ж нейкае балота, безнадзейнасьць — гадамі нічога не мянялася. А цяпер хоць пробліскі надзеі зьявіліся на гарызонце...” — гэтак лічыць Міхаіл Ляпешка зь Менску.

Варта нагадаць, што паўгода таму ў Беларусі таксама адзін за другім датэрмінова выходзілі з турмаў палітвязьні — Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Мікалай Аўтуховіч, Андрэй Клімаў, Аляксандар Зьдзьвіжкоў. Але ўладзе спатрэбілася ўсяго некалькі тыдняў, каб пасьля зрыву дыялёгу з Захадам сьпіс палітзьняволеных імкліва пачаў папаўняцца новымі імёнамі. Калі цяперашняе вызваленьне — не канчатковае, калі ў Беларусі ў залежнасьці ад палітычнай каньюнктуры зноў пачнуць зьяўляцца палітзьняволеныя, якіх улада разьлічвае ператварыць у аб’ект торгу з Захадам — то наўрад ці дыялёг, пачатак якога мы сёньня назіраем, будзе доўгатэрміновым і плённым.

На тэму вызваленьня палітвязьняў — і кароткі ліст ад Сьвятланы Цішкевіч зь Ліды. Яна піша:

“Можна толькі парадавацца за Аляксандра Казуліна і ягоных родных. Колькі няшчасьцяў давялося ім перажыць за апошні час! Крыўдна, што многія людзі зусім не цікавяцца палітыкай і ня ведаюць пра лёсы тых, хто за свае палітычныя погляды прайшоў праз турмы. У газэтах пра гэта ня пішуць, па тэлебачаньні не паказваюць. Нават на вуліцы на гэтую тэму пагаворыш ня з кожным: людзі баяцца”, — напісала Сьвятлана Цішкевіч зь Ліды.

Пра тое, якія настроі пануюць у беларускім грамадзтве перад выбарамі, разважае ў сваім новым лісьце на “Свабоду” і Васіль Валошка з Радашкавічаў. Ён піша:

“Больш запалоханага, чым цяпер, чалавека, які ня здольны ўплываць на жыцьцё грамадзтва, у Беларусі яшчэ не было. А ўсё таму, што ніколі раней кіроўная бюракратыя ня мела такой неабмежаванай улады. Не было і такой пятлі на шыі чалавека, як кантрактная сыстэма. Я не ў захапленьні ад камуністычнай утопіі, у якую нас цягнулі 70 год, але нават у параўнаньні з савецкім мінулым мы апусьціліся ўніз у пляне правоў і свабодаў чалавека.

Людзі ў нас адчуваюць сябе цалкам безабароннымі. Кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў паводзяць сябе так, нібы ўсё наўкол — іх уласнасьць. Будуюць сабе палацы невядома за якія грошы, купляюць шыкоўныя аўтамабілі, адпачываюць у найлепшых замежных гатэлях, выпраўляюць за мяжу на вучобу сваіх дзяцей. Усё гэта дазволена ім вярхоўнай уладай за тое, што яны трымаюць падначаленых у жорсткім кулаку. Сюды ўваходзіць забарона на іншадумства, на ўдзел у мітынгах, у апазыцыйных партыях ды іншае. Нас могуць ледзь ня строем гнаць на датэрміновае галасаваньне, на суботнік, на Лінію Сталіна, на спартыўныя спаборніцтвы, гвалтам запісаць у БРСМ ды іншае.

І нават калі ўявіць сабе неверагоднае — што Лукашэнка адмовіўся ад улады — дык гэтыя міні-Лукашэнкі на месцах прызначаць у прэзыдэнцкае крэсла дакладна такога ж. Для гэтага ў іх ёсьць усе магчымасьці. А слова “выбары” ў нашай краіне проста недарэчнае. Ніякай магчымасьці выбіраць мы ня маем”
, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну.

Але ж рукамі менавіта гэтых людзей, гэтага грамадзтва ў Беларусі ў сярэдзіне 90-х гадоў былі ажыцьцёўлены канстытуцыйныя зьмены, якія і прывялі да стварэньня такой сыстэмы. Напэўна, толькі тады, калі большасьць людзей усьвядоміць непасрэдную сувязь паміж сваім бяспраўным становішчам і ўнутранымі заганамі такога грамадзкага ладу, які існуе ў Беларусі — і стануць магчымымі істотныя зьмены ў дзяржаве.

Мы працягваем атрымліваць водгукі на драматычныя падзеі ў Грузіі, выкліканыя грузінска-асэтынскім канфліктам і расейскай інтэрвэнцыяй. Вось што піша з гэтай нагоды наш слухач Сяргей Ліцьвіновіч з Кобрына:

“Расейскі імпэрыялізм да сёньняшняга моманту праводзіць сваю вялікадзяржаўную палітыку адносна малых народаў, якія гвалтам былі далучаны да імпэрыі. Што датычыць Беларусі, то тут ужо ўсё вырашана. Расейцы і беларусы — адзін народ, так заявіў Пуцін. Але чым больш мінае часу, тым больш выяўляецца генацыд расейскім імпэрыялізмам акупаваных народаў, якія апынуліся ў СССР”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Сяргей Ліцьвіновіч з Кобрына.

Удакладню, спадар Ліцьвіновіч: выказваньне пра тое, што “беларусы — гэта тыя ж расейцы, толькі са знакам якасьці”, належыць беларускаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку. Расейскія лідэры звычайна больш асьцярожныя пры характарыстыцы адметнасьцяў тых ці іншых нацыяў.

Пра адметнасьці беларускага гістарычнага шляху разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Да пэрспэктываў дэмакратычнай апазыцыі на гэтым шляху слухач ставіцца скептычна. Ён, у прыватнасьці, піша:

“Па ўсім відаць, што на бліжэйшую гістарычную пэрспэктыву апазыцыя асуджаная бясплённа штурмаваць гэтую бізантыйска-намэнклятурную крэпасьць сыстэмы ўлады. Асьцярожны беларускі абываталь глыбінна не давярае праектам празаходняй апазыцыі.

Беларусь — частка гіганцкага расейскамоўнага і масквацэнтрычнага сьвету. Тут заходнія навацыі і практыка прыводзяць да супрацьлеглага выніку — усеагульнага хаосу, страты ўсіх арыенціраў, вайны ўсіх супраць усіх.

Дый сэнсу ў шокатэрапіі, зь якой асацыюецца прыход дэмакратаў, у Беларусі няма. Тое, што Бальцаровіч у Польшчы рабіў за год, Лукашэнка будзе рабіць на працягу 22 гадоў, да 2016 году.

Глябальны лібэралізм за 20 год пасьля краху камунізму даў трэшчыну: ісламскі сьвет, Кітай, Расея ніяк ня хочуць жыць па ўнівэрсальных законах, якія ЗША ўкаранялі ў сьвеце пасьля Другой сусьветнай вайны.

А таму для беларусаў і без Лукашэнкі ідэалёгія апазыцыі (ад беларусізацыі да эўразьвязаўскай дэмакратыі) застанецца чужой і незразумелай”
, — гэтак лічыць Алесь Марціновіч з Баранавічаў.

Няблага было б, каб беларускія грамадзяне мелі магчымасьць самі вызначыць, што ім бліжэй — “масквацэнтрычны сьвет” на Ўсходзе ці аб’яднаная Эўропа на Захадзе. Праблема ў тым, што магчымасьці такой беларусы ня маюць: апошнія параўнальна свабодныя выбары адбыліся ў краіне 14 год таму. А без справядлівых дэмакратычных выбараў усе сьцьвярджэньні пра тое, што асьцярожны беларус не давярае празаходняй апазыцыі і гатовы галасаваць толькі за аўтарытарную ўладу — выглядаюць падобнымі да афіцыйнай прапаганды.

На заканчэньне — кароткі ліст ад краязнаўца Алеся Шустоўскага з Барысава. Яго зацікавілі некаторыя дэталі біяграфіі расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева. Слухач піша:

“Мне як прафэсійнаму фатографу яшчэ некалькі год таму кінулася ў вочы, што цяперашні прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі тварам вельмі падобны да апошняга расейскага імпэратара Мікалая Другога. Дый захапленьні ў іх, аказваецца, блізкія: хобі ў Дзьмітрыя Мядзьведзева такое ж, як і ў Мікалая Раманава — фотасправа. Прынамсі, пра гэта нядаўна паведаміў расейскі дзяржаўны тэлеканал.

Узьнікае пытаньне: няўжо прэзыдэнт Расеі мае генэтычнае дачыненьне да царскага роду Раманавых?”
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Шустоўскі з Барысава.

Афіцыйнай інфармацыі наконт такога сваяцтва няма. На сустрэчах прадстаўнікоў дома Раманавых Дзьмітры Мядзьведзеў заўважаны ня быў. Дый сьцьвярджэньне пра вонкавае падабенства гучыць спрэчна. Хоць бы таму, што колішняга расейскага імпэратара мала хто бачыў безбародым, а цяперашняга расейскага прэзыдэнта — барадатым.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG