“Мне спачатку патэлефанавалі, што адпусьцілі Парсюкевіча. І я падумала, чаму ж самага маладога і так доўга трымаюць. Потым прыехала да знаёмых і патэлефанавала ў калёнію. І ў калёніі мне сказалі, што яго адпусьцілі. Я кажу, як адпусьцілі? Дзе ён? Яму далі грошы і цяпер ён едзе ў Менск. А ў яго ключоў няма, а я ня дома. Дык вось я ўзяла таксоўку і еду дадому”.
Тацяна Кім сказала, што вельмі шчасьлівая з вызваленьня сына:
“Гэта такое шчасьце, вы не ўяўляеце! Гэта шчасьце! Дзякуй усім людзям, якія за іх перажывалі, за ўсіх траіх, усім хрысьціянам. І дзякуючы ім і, канечне, ЗША, Эўразьвязу, асабліва ЗША... Нізкі паклон ім усім мацярынскі, што яны дамагліся вызваленьня майго сына. І ўсёй Беларусі, якая за яго перажывала і малілася. Я шчасьлівая і ўдзячная ўсім. Я лічу, што дзеці апазыцыі, Малады фронт — гэта чыстыя і сумленныя людзі, таму іх і баяцца”.
Тацяна Кім сказала, што Андрэй прабыў у зьняволеньні без двух дзён сем месяцаў. Апошняе зь ім спатканьне было ў ліпені. Сын не захацеў больш спатканьняў, бо яму было вельмі цяжка. Тацяна Кім кажа, што яшчэ й ня ведае, як будзе сустракаць сына:
“Прыгатую яму ўсё, што ён захоча. Я ведаю, што ён марыў пра смажаную бульбу, і вось буду смажыць яму бульбу. А мяса захоча, дык і мяса пасмажу”.
У турме моладзеваму актывісту Андрэю Кіму заставалася адбыць яшчэ амаль год. Яго асудзілі за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў. Актывіста абвінавацілі ў гвалце альбо пагрозе гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. 22 красавіка 2008 году Андрэй Кім быў асуджаны на паўтара года калёніі агульнага рэжыму. Пакараньне ён адбываў у Бабруйскай калёніі.