Першыя вынікі фармаваньня ўчастковых камісіяў моцна расчаравалі кааліцыйныя сілы. У шэрагу раёнаў улады не дапусьцілі прадстаўнікоў АДС у камісіі першаснага ўзроўню. Менавіта гэтыя камісіі арганізоўваюць выбары й падлічваюць галасы.
У прыватнасьці, Сьветлагорскі райвыканкам з 28 вылучэнцаў АДС не ўключыў ва ўчастковыя камісіі ніводнага дэмакратычнага прадстаўніка.
Не патрапілі ў камісіі першаснага ўзроўню і 22 прадстаўнікі АДС у Жлобіне. Намесьнік старшыні райвыканкаму Аляксей Шолак патлумачыў мясцовым актывістам, што для іхніх вылучэнцаў ва ўчастковых камісіях “не хапіла месца”.
Без тлумачэньняў адхілены ўсе 16 вылучэнцаў АДС у Буда-Кашалёве.
І толькі Рэчыцкі райвыканкам з 24 накіраваных дэмакратычных актывістаў уключыў у камісіі трох чалавек, у тым ліку па адным прадстаўніку ад ПКБ, АГП і БСДГ, вылучаных шляхам збору подпісаў.
Сытуацыю камэнтуе першы сакратар Гомельскай абласной арганізацыі ПКБ Уладзімер Сякерка, чыя арганізацыя вылучала ва ўчастковыя камісіі 109 сваіх прадстаўнікоў:
“Нават па першых зьвестках бачна, што выканаўчая ўлада не зьмяніла свайго падыходу да фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў. Па-ранейшаму ў склад камісіяў уключаюцца толькі яе стаўленікі. Такая практыка сьведчыць пра тое, што вядзецца маштабная падрыхтоўка да фальшаваньня вынікаў выбараў.
Я ўпэўнены, што Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы годна адкажуць на такія дзеяньні ўладаў”.