Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскамоўныя ўцякаюць з Тбілісі


Ці можна казаць пра ўсталяваньне міру на Каўказе? Што пра гэта думаюць беларусы, якія цяпер знаходзяцца ў Грузіі, а таксама спэцыялісты, якія ў розны час працавалі ці служылі ў Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі?


Беларусаў у зоне канфлікту няшмат — Грузія ня ёсьць стратэгічным кірункам для тых, хто хоча зарабіць грошы або рэалізаваць прафэсійныя задумы. Адзін з рэдкіх прадстаўнікоў Беларусі ў Тбілісі — супрацоўнік рэклямнага агенцтва “Паблісыз Зэнітопмэдыя” Ўсевалад Круцько. У грузінскай сталіцы ён крыху меней за два гады, разам зь ім працуюць яшчэ два менчукі. Але ўчора разам зь сябрамі Ўсевалад пакінуў горад — кажа, што лепш пераседзець гэты складаны час у іншым месцы:

“Зараз знаходжуся ў Ерэване. Учора мы ўсё ж вырашылі, што лепш нам будзе да пары зьехаць з Грузіі. І хоць пагроза баявых дзеяньняў, бамбаваньня Тбілісі нібыта адышла, але расейскамоўным, мяркуючы па ўсім, бліжэйшым часам будзе ня соладка. Таму мы вырашылі часова зьехаць. Можа на тыдзень, можа дзён на 10, паглядзім”.

Паводле суразмоўцы, стан мясцовага насельніцтва вельмі нэрвовы. Гэтымі днямі дадому вязуць целы тых, хто загінуў ад бамбаваньняў расейскай авіяцыі:

“Канкрэтна зараз у Тбілісі прывозяць целы хлопцаў з Цхінвалі, з Горы. Там жа вельмі шмат і мірных жыхароў, якія пацярпелі асабліва ў апошнія дні бамбаваньняў. І мы чакаем, што рэакцыя, паводзіны насельніцтва грузінскага, у прыватнасьці, жыхароў Тбілісі ў адносінах да расейскамоўных будзе, мякка кажучы, не зусім адэкватная. Ужо ўчора мы хадзілі па горадзе, і калі банальна заходзіш у краму, нешта пытаешся, то пэрыядычна ловіш на сабе досыць дзіўныя, мякка кажучы, касыя позіркі”.

Усевалад Круцько не выключае, што намаганьні міжнародных міратворцаў у асобах кіраўнікоў шэрагу эўрапейскіх краінаў прынясуць плён перамоўнаму працэсу. Аднак наўрад ці можна чакаць пацяпленьня адносінаў паміж Грузіяй і Расеяй:

“Мір наступіць, але пытаньне ў тым, што кіраўніцтва Грузіі (ёсьць такое меркаваньне) насамрэч ня вельмі настроена на мір і сяброўскія адносіны з Расеяй у будучыні ў прынцыпе. Тут ужо ўсё залежыць ад таго, наколькі “вялікі паўночны сябра” будзе стрымана сябе паводзіць адносна выказваньняў Грузіі, намераў выйсьці з СНД і г.д.”

Выкладчык БДУ Ігар Чарткоў праходзіў тэрміновую службу ў Паўднёвай Асэтыі якраз напярэдадні першай вайны паміж Грузіяй і непрызнанымі рэспублікамі Паўднёвай Асэтыяй і Абхазіяй на пачатку 1990-х. Кажа, што паралелі паміж двума канфліктамі відавочныя — найбольш церпяць у такіх канфліктах мірныя грамадзяне. Але адметнасьць цяперашняй кампаніі — відавочныя рысы асэнсаванай вайны, распачатай ня нейкімі фармаваньнямі, а вышэйшымі кіраўнікамі:

“Грамадзянская вайна канца 1980-х — пачатку 1990-х — гэта была вайна супраць імпэрыі пад назвай СССР. Адна ідэя аб’ядноўвала ўсе гэтыя вайсковыя фармаваньні — абхазаў, асэтынаў, грузінаў. Усе былі супраць таго, што разганяліся сапёрнымі рыдлёўкамі дэманстрацыі ў Тбілісі, так ці інакш адстойвалі незалежнасьць. Усіх яднала ідэя супраціву “імпэрыі зла”.

А што мы бачым цяпер? Цяпер гэта ўжо вайна армій, бо нават за адно дзесяцігодзьдзе ўсталяваліся канкрэтныя тэрытарыяльныя структуры. Гэтая вайна ўжо арганізаваная — паўнавартасная армія ў Тбілісі, існуюць атрады ў Цхінвалі, якія аб’ектыўна саступаюць у магутнасьці грузінскаму войску. Але я лічу, што калі ўжо стаялі там міратворцы, замацаваныя статусам ААН, то калі б усё захоўвалася так надалей, то яшчэ крыху, і можна было б казаць пра нейкае адзінства. Хоць гэтыя міратворцы нават і расейскія, але людзі ўсё ж пачалі адносна мірна жыць — абменьвацца ня толькі словамі на палітычнай арэне, але пачалі гандляваць, пачалі езьдзіць адзін да аднаго. І нельга дапусьціць, каб урэшце перанеслася ў Закаўказьзе балканская трагедыя, што ўжо было”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG