Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы зьбіраліся разам “закрыць” ад 1000 да 1500 участкаў. Каардынатар кампаніі “За свабодныя і справядлівыя выбары” Віктар Карняенка сьцьвярджае, што ад аб’яднаных дэмсілаў ужо ёсьць 1300 вылучэнцаў:
“Можа быць больш. Няпоўныя пакуль дадзеныя ў БНФ. Вельмі настойліва папрацавала ПКБ, якая вылучыла 450 чалавек. АГП вылучыла 360. А з кандыдатаў я б адзначыў Юрася Карэтнікава і Сяргея Калякіна. Яны вылучылі сваіх прадстаўнікоў фактычна ва ўсе камісіі”.
Спадар Карняенка кажа: да заўтрашняй раніцы поўны сьпіс кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі з усімі прозьвішчамі будзе зроблены:
“Мы іх зробім публічнымі. Перадамо ў БДІПЧ, незалежным СМІ, каб яны глядзелі. І каб мы не размахвалі толькі лічбамі, але і канкрэтнымі прозьвішчамі”.
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што палітычныя партыі на гэтым этапе выбарчай гонкі ня выявілі вялікай актыўнасьці:
“Рознымі суб’ектамі прапанавана 73 576 кандыдатур. У тым ліку грамадзяне праз падачу заяў — 37 936 кандыдатур, працоўныя калектывы — 24 144, палітычныя партыі — 1 237, іншыя грамадзкія арганізацыі — 10 259. Партыйныя вылучэнцы складаюць толькі 1,7% ад усіх пададзеных заяў”.
Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Дабравольскі кажа: галоўным крытэрам пры вылучэньні кандыдатаў у склад участковых камісіяў па сваёй выбарчай акрузе стала іх прафэсійная падрыхтоўка.
“Сярод нашых кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі ёсьць вельмі вядомыя людзі. Гэта Сяргей Альфэр, Гары Паганяйла, Антаніна Кавалёва... Усе яны — юрысты”.
Сёньня кіраўнік місіі назіральнікаў ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ нямецкі дыплямат Герт-Генрых Арэнс сустрэўся са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. На заўтра заплянаваная яго прэсавая канфэрэнцыя.