Гасьцінны дом Міколы Сенькі на Penn Road у Лёндане ведалі многія беларусы, якія бывалі ў сталіцы Вялікай Брытаніі. Распавядае пісьменьнік Уладзімер Арлоў:
“Мікола Сенька быў для мяне тым прадстаўніком беларускай дыяспары, зь якім, нягледзячы на рэдкія сустрэчы і на вялікую розьніцу ў гадах і жыцьцёвым досьведзе, у мяне адразу склаліся амаль сяброўскія стасункі. Гэтаму паспрыяў наш вядомы пісьменьнік Кастусь Акула, які пазнаёміў мяне са сваім былым таварышам па зброі, разам зь якім вучыўся ў школе камандзіраў Беларускай краёвай абароны, потым перайшоў на бок францускіх партызанаў, ваяваў з нацыстамі на Апэнінах.
Сенька, дарэчы, быў добра знаёмы з героем беларускага паваеннага супраціву Янкам Філістовічам.
Спадар Мікола быў сярод тых, хто наладжваў жыцьцё нашых эмігрантаў у Вялікай Брытаніі. Яго добра ведалі на беларускай высьпе ў лёнданскім раёне Фінчлі, там, дзе месьціцца бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны, а таксама беларуская ўніяцкая царква сьвятых Пятра і Паўла”.
Старшыня Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі Лёля Міхалюк гаворыць пра Міколу Сеньку як пра сябра, які за больш як шэсьцьдзесят гадоў сваёй эміграцыі ніколі не забыўся на тое, што ён — беларус.
“Мы разам працавалі. Ён уваходзіў ва ўправу нашай арганізацыі і быў чынным яе сябрам. Чалавек быў сапраўды беларусам ад самага пачатку і ахвярным беларусам, дзе б ён ні знаходзіўся, дзе б ні працаваў, ён быў усюды і заўсёды на сваім месцы”.
За гады незалежнасьці Беларусі Мікола Сенька некалькі разоў прыяжджаў на Бацькаўшчыну — адведваў родную Стаўпеччыну, удзельнічаў у першым і другім зьездах беларусаў сьвету, якія праходзілі ў Менску ў 90-х гадох. Уладзімер Арлоў прыгадвае:
Мікола быў чалавекам надзвычай чульлівым. Атрымліваючы навіны зь Беларусі, ён нярэдка ня мог стрымаць сьлёзаў. На пачатку 90-х гадоў гэта былі сьлёзы радасьці, пазьней — сьлёзы горычы і трывогі
Міколу Сеньку вельмі пашанцавала ў тым, што побач зь ім напрыканцы жыцьця была жонка Алена — надзейная сяброўка, аднадумца, такая ж ахвярная патрыётка, перакананая ў эўрапейскай будучыні бацькаўшчыны. На Аленіных руках ён і адышоў у нябесную Беларусь”.
Разьвітаньне зь Міколам Сенькам і пахаваньне адбудзецца ў Лёндане пры канцы тыдня. Дакладная дата яшчэ не вядомая.