Збор подпісаў дае магчымасьць кантактаваць з выбарцамі. Акрамя таго, закон дазваляе на зьезьдзе вылучаць кандыдатаў толькі ў тыя акругі, дзе існуюць афіцыйна зарэгістраваныя партыйныя суполкі, — тлумачыць сябра Палітрады АДС, сакратар ЦК Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган:
“Таму ж улады і нішчылі нашы структуры. Усе ў нас, хто ідзе праз партыю, будуць вылучацца і праз збор подпісаў. Гэта і для падстрахоўкі, і для таго, каб ужо зь людзьмі працаваць. Можна ж паказваць і фатаграфію, і біяграфічныя дадзеныя, і расказваць людзям, чаму ён вылучаецца, і падтрымкі ў іх прасіць... Гэта ж усё дазваляецца падчас збору подпісаў”.
Тым часам старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына абвінаваціла некаторых прадстаўнікоў апазыцыі ў тым, што яны друкуюць свае ўлёткі за межамі Беларусі:
“Падчас збору подпісаў забаронена раздаваць улёткі, нейкія плякаты, якія рэклямуюць патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты. Ініцыятыўная група можа толькі паказваць інфармацыйныя матэрыялы, якія характарызуюць кандыдата ў дэпутаты.
А ёсьць улёткі на спадароў Калякіна, Вячорку. Іх раскідалі ў паштовыя скрыні яшчэ да пачатку вылучэньня прадстаўнікі так званых аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Гэтая ўлётка выдадзена ў Казані. Хачу зьвярнуць увагу, што згодна зь беларускім заканадаўствам уся рэклямная прадукцыя павінна вырабляцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.
Вінцук Вячорка так рэагуе на гэтае абвінавачаньне:
“Распаўсюджваць партыйныя матэрыялы фармальна не забаронена ў любы час. Заклікаў выбарчага характару ў іх няма. І наагул усе гэтыя абвінавачаньні выглядаюць сьмешнымі, калі нашых актывістаў кідаюць у турмы. Матэрыялы, пра якія ішлося, ня ёсьць выбарчыя. А дзе іх выдаваць, любая арганізацыя сама вырашае”.
Права вылучаць кандыдатаў маюць палітычныя партыі, працоўныя калектывы, грамадзяне шляхам збору подпісаў. Каб стаць кандыдатам у дэпутаты шляхам збору подпісаў, трэба сабраць ня меней за 1000 подпісаў выбарцаў. Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 28 верасьня.