Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэха выбуху будзе суправаджаць нас падчас выбарчай кампаніі”


Актывістаў Партыі БНФ, якія ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі, праваахоўныя органы працягваюць апытваць у сувязі з выбухам 4 ліпеня ў Менску.


Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка зьвяртае ўвагу на тое, што адпушчаныя зь ізалятара актывісты апазыцыі, якіх падазравалі ў датычнасьці да выбуху ў Менску, прынамсі некаторыя зь іх, засталіся пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Разам з тым допыты іншых актывістаў апазыцыі па гэтай справе працягваюцца.

Напрыклад, у нядзелю ў міліцыю ў сувязі з выбухам быў выкліканы сябра Сойму Партыі БНФ Віктар Мязяк за Баранавічаў. Яго дапыталі і ўзялі біямэтрычныя паказьнікі. Патэнцыйны кандыдат ў дэпутаты Алесь Мех з Кобрына і сябры ягонай і ініцыятыўнай групы таксама атрымалі запрашэньні прыйсьці ў міліцыю ў сувязі з выбухам у Менску.

“Я думаю, што гэтае рэха выбуху будзе суправаджаць нас падчас усёй выбарчай кампаніі”, - перакананы спадар Вячорка. На ягоную думку, апазыцыя мусіць заставацца вернай сваім ідэям і прынцыпам негвалтоўнасьці:

“Мы зацікаўленыя ў тым, каб мірным шляхам Беларусь перайшла да свабоды і дэмакратыі, і хочам, каб гэтую нашую пазыцыю пачула як мага больш людзей. І каб людзі разумелі, што калі хтосьці з нашых сяброў, актывістаў, кандыдатаў у дэпутаты трапляе ў вязьніцу, альбо яго пачынаюць цягаць у крымінальны вышук, падаткавую інспэкцыю, - то гэта не што іншае, як палітычная расправа зь іншадумцамі”.

І БНФ, і апазыцыйная кааліцыя будуць прымаць рашэньні аб сваім далейшым удзеле ў выбачай кампаніі, калі рэпрэсіі будуць працягвацца, - заявіў Вінцук Вячорка.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG