Супрацоўнікі КДБ прыйшлі за Ігарам учора ўвечары з ператрусам, падчас якога знайшлі ў кватэры пакет з балтамі і гайкамі, а таксама гумовыя пальчаткі. Тацьцяна Цяцеркіна паведаміла, што ў кампутары супрацоўнікі КДБ шукалі інфармацыю па слову “траціл”, але нічога не знайшлі, забралі так званыя “рэчавыя доказы” і затрымалі Ігара Корсака.
Ігара дапытвалі на Казлова, 4 (адміністрацыйны будынак Інстытуту нацыянальнай бясьпекі). Ён пасьпеў патэлефанаваць сваякам і паведаміў, што яго падазраюць у вырабленьні выбуховага прыстасаваньня і на 3 сутак вязуць у Ізалятар часовага ўтрыманьня.
Цешча Ігара Корсака абураная дзеяньнямі супрацоўнікаў КДБ. Яна лічыць, што ў гаспадарцы кожнай кватэры знойдуцца і балты, і гайкі, і гумовыя пальчаткі. Жанчына паведаміла, што раней Ігар актыўна ўдзельнічаў у грамадзка-палітычным жыцьці і быў на ўліку праваахоўных органаў як апазыцыянэр.
***
Сваякі затрыманага Ігара Корсака распавялі “Свабодзе”, што ў 2004 годзе яго затрымлівалі за расклейку ўлётак. Тады яму пагражалі, што супраць яго завядуць крымінальную справу. Такім чынам, ягонае прозьвішча трапіла ў базу дадзеных ў КДБ.
Спачатку чацьвёра супрацоўнікаў КДБ прыйшлі па месцы прапіскі Ігара, але не знайшоўшы яго там, пайшлі на кватэру да ягонай цёшчы, дзе ён пражываў са сваёй сям’ёй.
Сваякі Ігара Корсака цяпер паехалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, дзе ён знаходзіцца, і павезьлі яму перадачу.
***
31 жнiўня 1998 года суд Ленiнскага раёну г. Мiнска вынес прысуд па справе Iгара Корсака i Паўла Сiлiвончыка. Навучэнцы менскай мастацкай вучэльнi Корсак Iгар (23 гады) i Сiлiвончык Павел (18 гадоў) былi затрыманыя мiлiцэйскiм патрулём 2 чэрвеня ў 5 гадзiнаў ранiцы. Яны расклейвалi ў менскiм мiкрараёне Серабранка ўлёткi апазыцыйнага зьместу, акрамя таго, малявалi фарбай сымбаль (эмблема нефармальнай арганiзацыi "Белы легiён"), якi мае назву "спарыш" і шырока выкарыстоўваецца ў беларускiх нацыянальных арнамэнтах. Пасьля затрыманьня I. Корсак i П. Сiлiвончык былi дастаўленыя ў РАУС Ленiнскага раёну г. Мiнска, дзе iх пратрымалi 6 гадзiнаў. На кватэрах I.Корсака i П. Сiлiвончыка быў праведзены ператрус, падчас якога ў кватэры I.Корсака былi знойдзеныя ўлёткi апазыцыйнага зьместу, клей i трафарэт са "знакам складанай канфiгурацыi" (геамэтрычны малюнак "спарыша").