Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта да сьледзтва прыцягнутыя адмыслоўцы з расейскага ФСБ?


Беларускім сьледчым, якія расьсьледуюць выбух на канцэрце 3-га ліпеня, дапамагаюць адмыслоўцы з Расеі, колькасьць якіх не паведамляецца. Што да тэхнічнай дапамогі ў расьсьледаваньні, прапанавай ЗША, беларускія праваахоўныя органы ёй пакуль не скарысталіся.

У міліцыі, дзе вядзецца расьсьледаваньне, пра яга хаду і сёньняшнія вынікі кажуць вельмі мала. Канстанцін Шалькевіч з ўправы інфармацыі МУС паведаміў , што расьсьледаваньне працягваецца, але злачынца яшчэ не знойдзены. Казаць пра вэрсіі, а таксама паведамляць прыкметы падазроных міліцыянт адмовіўся. Канстанцін Шалькевіч сказаў, што яшчэ ідзе апытаньне сьведак, у тым ліку тых, якія адгукнуліся на заклік прыносіць фота- і відэаздымкі выбуху. Паводле Канстанціна Шалькевіча, гэтым людзям абяцаная грашовая ўзнагарода.

“Ня бачу сэнсу гэтую лічбу агучваць. Яна дастаткова вялікая – дзесяткі базавых велічынь”.

У пацярпелых, якія знаходзяцца ў шпіталях, сьледчыя бяруць ня толькі сьведчаньні, а таксама адбіткі пальцаў. Гэта карэспандэнту “Радыё Свабода” пацьвердзіла пацярпелая Марыя, якая ляжыць у Цэнтры траўматалёгіі і артапэдыі.

“Так, ва ўсіх бралі адбіткі пальцаў. Навошта? А раптам гэта я бомбу падклала?”

На сайце міністэрства ўнутраных спраў паведамляецца пра трох міліцыянтаў, пацярпелых ад выбуху. Адзін з іх, Арцём Дубовік, лечыцца ў шпіталі МУС.

Канстанцін Шалькевіч з управы інфармацыі МУС паведаміў, што кваліфікацыя выбуху пакуль застаецца ранейшая – “злоснае хуліганства”. Пры гэтым міліцыянт прызнаў, што да расьсьледаваньня далучаныя сьледчыя з КДБ і пракуратуры, а таксама некалькі адмыслоўцаў з Расеі. Іх колькасьць міліцыянт не паведаміў.

“Тое, што расейскія адмыслоўцы працуюць тут па справе аб выбуху, гэта так”.

5-га ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “ужо болей за 10 расейскіх адмыслоўцаў працуюць па гэтай справе”. Паводле кіраўніка дзяржавы, яны прыехалі пасьля прапановы начальніка ФСБ Расеі генэрала Бортнікава.

Чым тлумачыцца тое, што да расьсьледаваньня прыцягнутыя адмыслоўцы з Расеі? Гэтае пытаньне я задаў прэсавай службе МУС, але адказу не атрымаў. Тады пра тое ж я спытаў у палкоўніка беларускай міліцыі Алега Алкаева, які некалькі гадоў таму ў выніку перасьледу з’ехаў у Нямеччыну.

“Маё меркаваньне такое, што расейцы мусяць у Расеі са сваімі выбухамі разьбірацца, а беларусы ў Беларусі. Тут дастаткова сваіх адмыслоўцаў, толькі каб шукалі ў дакладным напрамку. А так гэта ўсё яшчэ раз сьведчыць пра тое, што хочуць заблытаць сьледзтва. І як расеец будзе дапытваць беларуса? Гэта ж законам не прадугледжана. З такім жа посьпехам можна было запрасіць кітайцаў ці з любой іншай краіны”.

Алег Алкаеў мяркуе, што да выбуху маглі спрычыніцца беларускія спэцслужбы. “Толькі з вынікам пралічыліся, зашмат сур’ёзна пацярпелых , вось і будуць зараз шукаць апошняга”, -- гэтак Алег Алкаеў пракамэнтаваў крытыку Аляксандра Лукашэнкі на адрас дзяржсакратара Савету Бясьпекі Віктара Шэймана.

З амбасады ЗША ў Беларусі нашаму радыё паведамілі: “4 ліпеня ў тэлефоннай размове з прадстаўнікамі беларускіх уладаў часовы павераны Джонатан Мур выказаў свае спачуваньні ахвярам выбуху і запытаўся, ці неабходная нейкая дапамога ў расьсьледаваньні інцыдэнту. На дадзены момант ніякіх запытаў аб дапамозе амбасада не атрымлівала”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG