Алеся Ясюк распавяла, што ўчора яе затрымалі на вуліцы Багдановіча ў Менску. Супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага РУУС знайшлі ў яе сумцы некалькі налепак з надпісам “Байкот”.
Яе завезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну, у пакой да яе прыйшлі 2 чалавекі ў цывільным зь відэакамэрай. Адзін мужчына сарваў зь яе валасоў гумку, зьняў акуляры і кінуў іх на падлогу, другі парваў чахол на мабільным тэлефоне і разадраў правую далонь да крыві.
Усім працэсам, паводле Алесі Ясюк, кіраваў маёр Анатоль Шытыка.
Потым у пакой увайшла супрацоўніца міліцыі і пачала распранаць Алесю дагала. Усё гэта здымалася на відэакамэру. Алена патрабавала, каб мужчыны выйшлі з пакою. Але ніхто яе не паслухаў. Калі яе пратрымалі больш за 3 гадзіны, яна запатрабавала, каб яе адпусьцілі. Але ў адказ яе пачалі палохаць, што завязуць у турму на Акрэсьціна і пасадзяць у адну камэру з бамжамі. Пратрымаўшы 6 гадзінаў, Алесю адпусьцілі без складаньня пратаколу пасьля таго, як тая заявіла, што будзе скардзіцца на дзеяньні міліцыі ў пракуратуру.
Спадарыня Ясюк значыла Свабодзе, што цяпер знаходзіцца ў шокавым стане і называе, то, што зь ёю адбылося зьдзекам і катаваньнем.
У міліцыі Цэнтральнага раёну Менску Свабодзе пацьвердзілі, што спадарыня Ясюк была ўчора затрыманая, але прычынаў і падрабязнасьцяў затрыманьня не падалі. Камэнтаваць заяву Ясюк аб зьдзеках і катаваньні там адмовіліся, паведамілі толькі што маёр Анатоль Шытыка адпачывае пасьля дзяжурства і на працы зьявіцца толькі ў сераду.