Паводле апісаньня Вячаслава Хамайды, малады хлапец гадоў пад дваццаць напаў на яго па дарозе зь лецішча: зьбіваў нагамі, да крыві разьбіў твар, і ўсё гэта моўчкі, безь ніякіх тлумачэньняў. У аддзеле міліцыі Віцебскага раёну паводле гэтага факту ўзбуджаная крымінальная справа.
Барыс Хамайда згадаў, што ўвосень мінулага году невядомыя хуліганы падобным чынам зьбілі 18-гадовага сына віцебскага сябра КХП БНФ Яна Дзяржаўцава. Напярэдадні той падзеі спадары Хамайда і Дзяржаўцаў, а таксама яшчэ двое сябраў КХП БНФ Ян Таўпыга і Сяргей Каваленка атрымалі ліст з пагрозамі ад імя віцебскай філіі “РНЕ”.
Пасьля таго Барыс Хамайда атрымаў яшчэ адзін ліст з пагрозамі, дзе ад імя віцебскай філіі “РНЕ” яго абяцалі пакараць за распаўсюд незалежнай газэты “Курьер из Витебска”. Спадар Хамайда лічыць верагодным, што зьбіцьцё брата — гэта рэалізацыя пагрозаў або спроба запалохаць яго самога за апазыцыйную дзейнасьць.
Лісты ад імя “РНЕ” дасылаліся віцебскім актывістам неаднаразова. Звароты ў міліцыю і КДБ нічога не далі: у пісьмовых адказах з праваахоўных органаў ім пісалі, што “РНЕ” — не зарэгістраваная ў Рэспубліцы Беларусь арганізацыя, і таму знайсьці яе сяброў ці прыхільнікаў немагчыма.
Радыё Свабода, Віцебск