Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“El País”: FARC спрабавалі набыць зброю ў Беларусі


Уга Чавэс уручае Аляксандру Лукашэнку Ордэн Вызваліцеля, 9 сьнежня 2007 г.
Уга Чавэс уручае Аляксандру Лукашэнку Ордэн Вызваліцеля, 9 сьнежня 2007 г.

Паводле газэты, “Вэнэсуэла была пасярэднікам між паўстанцамі і ўсходнеэўрапейскімі гандлярамі зброяй у набыцьці ракет "зямля-паветра".


"Прэзыдэнт Чавэс вёў размовы зь беларускімі ўладамі пра магчымасьць дасылаць зброю паўстанцам”, – паведаміла ў суботу гішпанская газэта “El País”.

У кампутары забітага ў сакавіку аднаго з паўстанцкіх лідэраў Рауля Рэеса захаваўся электронны ліст Івана Маркеса, кіраўніка паўстанцкага руху, датаваны 8 лютага 2008 году. Газэта цытуе часткова закадаваны ліст:

“Беларускі сябар прапанаваў яму апрацаваць пакет шляхам чорнага рынку, каб пазьбегчы праблем. 17 гэтага месяца у Каракас прыедзе высокі прадстаўнік гэтага сябра, каб удакладніць сьпіс. Анёл папрасіў нас прысутнічаць, для таго каб асабіста сустрэцца з дэлегатам. Гэта вельмі важна”.

Анёл – псэўданім Чавэса”, піша газэта. “Сябар – гэта Віктар Шэйман, сакратар Рады бясьпекі Беларусі і вельмі блізкі да Аляксандра Лукашэнкі асоба. Шэйман быў адным з тых, хто прасоўваў кантракты на пастаўку зброі ў Вэнэсуэлу на суму ў 720 млн. еўра, якія былі падпісаны летась", — сьцьвярджае газэта.

Нагадаем, што 15-19 лютага адбыўся афіцыйны візыт у Вэнэсуэлу беларускай дэлегацыі на чале зь дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Віктарам Шэйманам.

Паводле “El País”, у кампутарных пасланьнях узгадваліся іншыя магчымыя крыніцы паставак зброі (у прыватнасьці, ракетаў зямля-паветра) для паўстанцаў, у тым ліку і праз аўстралійскіх нелегальных гандляроў.

Тым часам, у інтэрвію газэце “The Wall Street Journal” вэнэсуэльскі пасол у Злучаных Штатах Бэрнарда Альварэс заявіў, што знойдзеныя ў кампутары Р.Рэеса файлы – фальшывыя і “зьяўляюцца спробай дыскрэдытаваць вэнэсуэльскі ўрад”.

У той жа час, прадстаўнікі выведкі ЗША паведамілі газэце, што ўпэўненыя ў сапраўднасьці здабытых кампутарных файлаў, якія паказваюць цесныя сувязі паміж Чавэсам і калюмбійскімі паўстанцамі.

Паўстанцкі рух вядзе змаганьне ўжо 40 гадоў. Напачатку за ім стаяла баявое крыло Кампартыі, але з часам, калі стала відавочна, што паўстанцы скацілася да наркагандлю і бандытызму, камуністы разарвалі з ФАРК.

У рэакцыі на паведамленьні беларускіх мэдыяў пра публікацыю ў "El País”, дзяржаўны сакратарыят бясьпекі назваў інфармацыю газэты "домысламі".

"Несур'ёзна зьвяртаць увагу на розныя домыслы, да распаўсюду якіх падключыўся і гішпанскі друк", - гэтак у прэсавай службе дзяржаўнага сакратарыяту Рады бясьпекі пракамэнтавалі БелаПАНу паведамленьне "El Pais".

Прадстаўнікі Рады бясьпекі Беларусі спаслаліся на папярэджаньні вэнэсуэльскага прэзыдэнта Уга Чавэса, які казаў, што Злучаныя Штаты арганізуюць укіданьне ў СМІ такога псэўдакампрамату, каб дыскрэдытаваць кіраўніцтва Вэнэсуэлы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG