“ЛіМ” на гэтым тыдні 1938 году ў рэдакцыйным артыкуле “Дзень большэвіцкага друку” піша: “На тэрыторыі Таджыкскай, Кіргізскай, Туркменскай і Беларускай саюзных рэспублік да рэвалюцыі не выдаваліся кнігі на роднай мове. Соцыялістычная рэвалюцыя, паспяховае будаўніцтва соцыялізма прынесла ўсім народам СССР велізарнейшыя дасягненні ў справе росквіту іх культуры і друку. Выданне літаратуры ў Беларусі павялічылася з 212 тысяч экзэмпляраў у 1913 годзе да 8 мільёнаў 833 тысяч у 1937 годзе, прычым 6 мільёнаў 967 тысяч — на беларускай мове”.
“Бацькаўшчына” на гэтым тыдні 1958 году тлумачыць аднаму з чытачоў моўную палітыку газэты: “...рэдактары газэты абцяжараныя іншай, як заработнай, гэтак і ганаровай грамадзкай працай, і таму ня могуць прысьвечваць газэце столькі ўвагі, колькі належылася-б. Аднак прыведзеныя Вамі прыклады “калечаньня” й “ганьбеньня” мовы (у вабароне, у вадбудове, зялезны, ува ўмовах) зьяўляюцца якраз цьвёрдымі нормамі, прынятымі нашай газэтай, як чыста беларускія моўныя зьявы”.
* Са старонак “Имени” ў 1998 годзе Валянцін Тарас тлумачыць: “Першыя атрады складаліся ў асноўным з акружэнцаў. Хлопцы з разьбітых часьцей, якія не хацелі здавацца ў палон, асядалі ў вёсках. А зброю недзе прыхоўвалі. Потым, калі партызанскі рух пашырыўся, зьявіліся штабы, асобыя аддзелы, пачаліся расстрэлы камандзіраў — за страту пільнасьці, напрыклад. Так што партыя на ўсё наклала лапу і беспардонна выкарыстала перамогу дзеля самаўзвышэньня. Яна ўкрала нашую перамогу”.