Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кейсі: абвінавачаньні ў шпіянажы ілжывыя


Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Том Кейсі заявіў, што абвінавачаньні беларускім бокам амбасады ЗША ў шпіянажы зьяўляюцца "ілжывымі і беспадстаўнымі і ўяўляюць сабой слабое апраўданьне для скарачэньня нашага пэрсаналу".

Спадар Кейсі сказаў: "Беларускі ўрад баіцца свайго ўласнага народу. Яны баяцца нас і ўсіх тых, хто гатовы выступіць у падтрымку дэмакратыі".

Паводле прадстаўніка дзярждэпартамэнту, улады Беларусі "зноў і зноў пацьвярджаюць гэта сваімі дзеяньнямі, хай гэта будзе скарачэньне нашага пэрсаналу ці гэтыя бязглуздыя абвінавачаньні".

Том Кейсі сказаў, што "ўлады Беларусі знаходзяць любыя апраўданьні, каб спрабаваць адцягнуць увагу ад таго, што зьяўляецца сапраўднай праблемай".

Нагадаем, у аналітычнай праграме першага каналу Беларускага тэлебачаньня 4 траўня начальнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Валеры Надтачаеў заявіў, што спэцслужбы своечасова перадухілілі стварэньне ў Беларусі шпіёнскай сеткі пад кіраўніцтвам прадстаўніка амбасады ЗША Курта Фінлі. Паводле спадара Надтачаева, шпіёнскай сеткай гэта група ня стала з прычыны "своечасовага ўмяшаньня беларускіх кампэтэнтных органаў". Ён сказаў, што "на раньняй стадыі ўдалося спыніць спробы ўцягваньня беларускіх грамадзянаў у злачынную дзейнасьць па артыкуле "здрада дзяржаве ў форме шпіянажу".

"Пасьля завяршэньня КДБ мерапрыемстваў па высьвятленьні абставінаў функцыянаваньня групы прынята рашэньне абмежавацца захадамі прафіляктычнага характару. Беларускім грамадзянам, якія ўцягнутыя ў проціпраўную дзейнасьць гэтай групы, ад імя КДБ былі вынесеныя афіцыйныя папярэджаньні.Такую форму мы выкарыстоўваем, каб зьберагчы людзей ад лавы падсудных, растлумачыць згубнасьць іх дзеяньняў", - сказаў В.Надтачаеў.

Паводле беларускага боку, Курт Фінлі быў кадравым супрацоўнікам ФБР.

Раней часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Джонатан Мур заявіў, што амбасада ня мае шпіёнаў, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі.

Паводле спадара Мура, названыя ў сюжэце на БТ у сакавіку супрацоўнікі амбасады Курт Фінлі і Бэрнард Ніксан зьяўляюцца часткай аховы амбасады і кантактавалі зь мясцовай міліцыяй і Міністэрствам унутраных справаў. Паводле спадара Мура, мець такіх супрацоўнікаў у амбасадзе – звычайная практыка.

Бэрнард Ніксан пакінуў Беларусь яшчэ летам 2007 году, а Курт Фінлі пакінуў Беларусь да 27 сакавіка разам зь іншымі супрацоўнікамі амбасады.

Джонатан Мур заявіў, што спадары Ніксан і Фінлі не зьяўляюцца супрацоўнікамі ФБР. Гэта супрацоўнікі дыпслужбы аховы, якая ёсьць часткай Дзярждэпартамэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG