Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У суд за выступ на Першамаі


У Менску будуць судзіць лідэра аргкамітэта па стварэньні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Міколу Статкевіча. Па іроніі лёсу, у Першамайскім судзе.


Міколу Статкевіча адзінага, на каго склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, пакінулі да суду за кратамі.
Учора, 1 траўня, спэцназаўцы затрымалі больш за трыццаць дэмакратычных актывістаў каля будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі і міліцыі Першамайскага раёну. Спэцназаўцы затрымлівалі кожнага актывіста ў натоўпе, каго ведалі ў твар. Некаторых затрымалі за ўзьнятыя сьцягі Эўразьвязу. Міколу Статкевіча затрымалі пасьля таго, як ён выступіў перад прысутнымі зь віншавальнай прамовай. Максіма Сяргійца зьбілі пад час затрыманьня.
У міліцыі Першамайскага раёну праз дзьве гадзіны адпусьцілі непаўналетніх. Яшчэ праз дзьве гадзіны пачалі адпускаць затрыманых актывістаў аднаго за адным, але пасьля таго, як іх сфатаграфавалі і зьнялі адбіткі пальцаў для картатэкі. Усяго каля 20 чалавек. У міліцыі засталіся Мікола Статкевіч, Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч, Зьміцер Хведарук, Павал Юхневіч і Яўген Афнагель. На іх склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Заўсёды пасьля гэтага міліцыянты адвозілі затрыманых у турму што на вуліцы Акрэсьціна, ці час ад часу пакідалі людзей да суду ў міліцыі. Гэтым разам міліцыянты сталі па чарзе іх выводзіць і прапаноўваць даць расьпіску.
Гаворыць Артур Фінькевіч:
“Пасьля таго як на нас склалі пратаколы, мы чакалі, што нас адвязуць у турму на Акрэсьціна. Але нам далі паперы і сказалі нам пісаць заявы аб тым, што мы зьявімся на суд на першае патрабаваньне. Пасьля гэтага нас адпусьцілі”.
Зьміцер Хведарук таксама не чакаў, што яго адпусьцяць:
“Супрацоўнікі міліцыі ўзялі з нас расьпіскі аб тым, што мы з’явімся на першае ж патрабаваньне ў Першамайскі суд. Папрасілі нас дапісаць, што, калі мы не зможам прыйсьці ў суд, то няхай справу разглядаюць без нашай прысутнасьці. Думаю, што цяпер рэжыму вельмі зручна будзе напярэдадні нейкай акцыі выклікаць нас у суд і прэвэнтыўна даць завочна суткі”.
Такім чынам, у міліцыі застаўся толькі Мікола Статкевіч. Яго будуць судзіць у Першамайскім судзе. Назіральнікі адзначаюць, што палітык насамрэч удзельнічаў у санкцыянаваным уладамі мерапрыемстве. Ён павіншаваў прысутных з 1 траўня ў тым месцы, дзе сабраўся народ менавіта з мэтай адсьвяткаваць гэтую дату.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG