Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч, камэнтуючы дыпляматычны канфлікт паміж ЗША і Рэспублікай Беларусь сказаў, што разрыў дыпляматычных адносінаў – “не самы лепшы варыянт і не самае лепшае разьвіцьцё сытуацыі”.
“Я думаю, што ўсе шляхі і пошукі кампрамісаў яшчэ ня вычарпаны. Я яшчэ спадзяюся, што нейкі кантакт, дыялёг кампрамісу яшчэ магчымы. І ня трэба на гэта забывацца. Бо сытуацыя можа быць розная: сёньня яна такая, а заўтра яна запатрабуе нейкіх іншых рашэньняў. Я ўпэўнены, што дзьверы з боку Рэспублікі Беларусь канчаткова не зачыненыя. Магчыма, беларускі і амэрыканскі бакі крыху не пачулі адзін аднаго. Трэба думаць як працягнуць размову і аднавіць кантакты. І знайсьці шляхі разуменьня адзін аднаго”.
Намесьнік дырэктара расейскага інстытута СНД Уладзімер Жарыхін сказаў, што разрыў дыпляматычных стасункаў паміж адной з эўрапейскіх краінаў і ЗША зьяўляецца “непрыемным і непажаданым”.
“Узаемныя крокі былі зусім не сяброўскія з таго і іншага боку. ЗША, да прыкладу, зачынілі рахункі “Белнафтахіма” на падставе нейкіх палітычных умоваў, з патрабаваньнем вызваленьня палітзьняволеных. Беларусь у сваю чаргу дастаткова рэзка, за межамі разумнага скарачала склад амэрыканкай амбасады, потым былі некалькі дыпляматаў аб’яўлены пэрсонамі нон-грата. Мне здаецца, што кожнаму з бакоў трэба зрабіць крок назад. Поўны разрыў адносінаў – не на карысьць і разьвіцьцю дэмакратычных працэсаў у Беларусі”.
Экспэрт Нямецкай рады па зьнешняй палітыцы Аляксандар Рар сказаў, што разьвіцьцё сытуацыі вельмі сур’ёзнае. І ў выпадку сур’ёзнага парушэньня дыпляматычных стасункаў, аднавіць іх будзе вельмі цяжка:
“Тут, у прынцыпе, шматгадовы канфлікт паміж ЗША і Беларусьсю. Ня толькі па правах чалавек, а й крытыка рэжыму Лукашэнкі. Сытуацыя зразумелая. Адзінае не зразумела, чаму цяпер гэта даходзіць да такога напружаньня. Сытуацыя даволі складаная. І ніводзін бок ад гэтага ня выйграе. Уплыў ЗША на Беларусь ад гэтага мацней ня будзе. Але ў эканамічным пляне Беларусь будзе ў многім прайграваць. Бо з такім галоўным заходнім партнэрам як Амэрыка ў той сытуацыі, у якой яна знаходзіцца, важна было б супрацоўнічаць”.
Паводле спадара Рара, эўрапейцы не падтрымаюць ЗША і ня будуць зачыняць свае кансуляты і пасольствы ў Беларусі. Але канфлікт можа адбіцца на адносінах Беларусі з Польшчай ці з прыбалтыйскімі краінамі, якія цясьней працуюць з ЗША.