Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сатысфакцыя


Эфір 20 красавіка 2008 году.


Калі сталінскія рэпрэсіі былі несправядлівасьцю і злачынствам, калі несьлі людзям страты і крыўду і калі мы ўсё гэта прызнаем, дык – што далей? Па ідэі, трэба было б узнавіць справядлівасьць, пакараць злачынцаў, кампэнсаваць страты і супакоіць крыўду тым, што называецца словам сатысфакцыя, якое Вацлаў Ластоўскі пераклаў на беларускую мову як здаволеньне. Але па сутнасьці нічога гэтага не адбылося. Нездарма ў савецкіх слоўніках сатысфакцыі або няма, або яна падаецца як састарэлы панятак. Аддаваць даўгі – несучасна(!). З гледзішча даўжніка – у нашым выпадку, дзяржавы, – яно можа й так. Парадокс у тым, што і “крэдытор” – у нашым выпадку, народ – часьцяком пагаджаецца з тым, каб “не варушыць мінулае”. Пры гэтым абодва ўдзельнікі “зьдзелкі” – і дзяржава, і народ – непазьбежна перажываюць мутацыю, бо пагадзіліся з нармальнага шляху перамясьціцца ў сьвет абсурду.

Напрыканцы мінулай перадачы я закрануў тэму рэабілітацыі, як малазразумелай для мяне зьявы. Што гэта такое і навошта? Быццам можна праз рэабілітацыю вярнуць расстралянага, вылекаваць скалечанага, адкруціць назад паламаны лёс... А дадайце сюды тое, што рашэньне пра рэабілітацыю ці нерэабілітацыю прымаюць тыя самыя структуры, якія раней асудзілі на расстрэл, калецтва і зьнявечаны лёс. Гэта значыць, што колішняга “ворага народа” рэабілітуюць не перад Багам і людзьмі, а перад тымі самымі кабінэтамі, у якіх і засудзілі, у той самай сыстэме каардынат, у якой толькі і магчыма было невінаватага чалавека назваць “ворагам народа” і катаваць, высылаць, страляць. Гэта значыць, што чэкісты новага пакаленьня апраўдваюць таго невінаватага ў сваіх вачах, перад уласнай сыстэмай і тым самым быццам сьцьвярджаюць, што ён для іх свой, такі самы. Выходзіць, рэабілітацыя – гэта, з гледзішча нармальнага, здаровага розумам чалавека – ня што іншае, як дыскрэдытацыя?

Калі я перачытваю біяграфіі рэпрэсаваных і рэабілітаваных, адчуваньне абсурду перагорнутага дагары нагамі сьвету становіцца пастаянным пачуцьцём.

... Бондараў Фама Аляксандравіч, беларус, селянін Сеньненскага раёну, 52 гады, за антысавецкую агітацыю 17 траўня 1933 году асуджаны на тры гады высылкі ў Башкірыю. 15 верасьня 1937-га асуджаны да ВМП. Расстраляны. У 1957-м рэабілітаваны.

... Жызьнеўскі Альфонс Язэпавіч, селянін Полацкай акругі, беларус, трыццаці гадоў. У 1925-м “асобай нарадай” асуджаны за шпіянаж на карысьць Латвіі на тры гады паразы ў правох. У 1938-м “тройкай” прысуджаны да ВМП. Расстраляны. У 1989-м рэабілітаваны.

... Круценка Аляксандар Клімавіч, беларус, трыццаці гадоў, калгасьнік у Віцебскім раёне. 20 студзеня 1934 году асуджаны за антысавецкую агітацыю на пяць гадоў лягера. У 1937-м за тое самае атрымаў 10 гадоў лягера. У 1942-м у лягеры памёр. У 1989-м рэабілітаваны.

Кожны з гэтых прыкладаў – тыповы. Такіх лёсаў многія тысячы.

У прысудзе звычайна пісалі па тры, пяць ці нават 10 артыкулаў крымінальнага кодэксу, якія, нібыта, парушыў абвінавачаны. Чалавек расстрэльваўся ў адной з турмаў БССР ці незваротна высылаўся на катаргу ці сьлед ягоны прападаў на бяскрайніх прасторах Сібіры. А праз паўстагодзьдзя пасьля гэтага чыноўнікі з партфэлямі засядалі адмысловай камісіяй, каб разгледзець справу аб ягонай рэабілітацыі. Вывучалі кожны артыкул і выносілі па-свойму забаўныя вэрдыкты. Вось частая фармулёўка (выбачаюся за канцылярыт): “Рэабілітаваны ў частцы ўчыненьня злачынства паводле артыкула 72 КК БССР”. Паводле астатніх трох, пяці або дзесяці артыкулаў чалавек заставаўся “ворагам народа”. Дакладней, заставаўся толькі вораг, бо самога чалавека найчасьцей даўно ўжо не было ў прыродзе. А калі й быў, дык што яму давала тая “частковая рэабілітацыя”?

... Канстанцін Міхалавіч Біч, беларус, батрак па найму ў вёсцы Бабаевічы Нясьвіскага раёну. Асуджаны ў верасьні 1940-га за нелегальны пераход мяжы і антысавецкую агітацыю на 8 гадоў катаргі ў Каргопальлаг НКВД паводле артыкулаў 72 і 120 КК БССР. Праз сорак гадоў рэабілітаваны ў частцы артыкула 72.

Канстанціна Іванавіча Вішнеўскага, беларуса і селяніна зь Любанскага раёну, судзілі за контрарэвалюцыйную агітацыю, як гэта тады шырока практыкавалася, двойчы. Першы раз, у 1935-м, адправілі на шэсьць гадоў у Далёкаўсходні лягер, а ў 1938-м ужо там, на Далёкім Усходзе расстралялі. І вось праз чвэрць веку ў справе Вішнеўскага, што захоўваецца ў архіве КГБ у Менску, робіцца запіс – не рэабілітаваны.

Хочацца паклікаць на дапамогу Кафку, Оруэла, а найлепей Эжэна Ёнэско, клясыка літаратуры абсурду, каб растлумачыў, што гэта ўсё значыць і чым займаюцца ўсе гэтыя кагэбэшныя людзі з сур’ёзным выразам твару ў змрочных сталінскіх калідорах, дзе праз дзьверы на кабінэтах ці ня з тых яшчэ сталінскіх часоў вісяць таблічкі “Идёт допрос”.

... Леанід Фёдаравіч Ластачкін, расеец, ветэрынарны лекар навукова-дасьледчай станцыі, г. Віцебск. Асуджаны ў 1937-м як член контррэвалюцыйнай арганізацыі да ВМП. Расстраляны 3 студзеня 1938 году. 8 жніўня 1990 году Вярхоўным Судом БССР рэабілітаваны за адсутнасьцю складу злачынства.

Аляксандра Банефацевіча Нядзьвецкага, беларуса, зь мяшчан, табельшчыка дэпо станцыі Ворша, асудзілі ў 1938-м за антысавецкую агітацыю да ВМП з канфіскацыяй маёмасьці. Расстралялі. А ў 1989-м, праз паўстагодзьдзя, рэабілітавалі. Задачка з адным невядомым –які лёс канфіскаванай маёмасьці? У чалавека мог быць дом і зьберажэньні, якія ён назапашваў для дзяцей. Ну і паколькі зь мяшчан, а не з батракоў, дык ня выключаная і спадчына. Зусім нездарма тут згадваецца канфіскацыя. Вельмі рэдка гэтае слова сустракаецца ў справах “ворагаў народа”. Але ж чалавека рэабілітавалі, няхай і праз 50 гадоў, няхай і расстралянага. І калі рэабілітацыю лічыць аднаўленьнем справядлівасьці, дык вярніце тую канфіскаваную маёмасьць дзецям або ўнукам Нядзьвецкага, для якіх ён толькі і стараўся, зьбіраў свой скарб. Скажуць – праехалі. Даўно тое было. Тым больш, што ўнукі ахвяры могуць і ня ведаць пра рыхтаваныя для іх скарбы. Тут лёгіка дзяржавы нагадвае лёгіку дробнага зладзюжкі.

... Гервятоўскі Адольф Мацеевіч, беларус, селянін, 70-ці гадоў, аднаасобная гаспадарка на хутары Савін Дуб Лепельскага раёну. За антысавецкую агітацыю прысуджаны “тройкай” да ВМП. Расстраляны 6 верасьня 1937 году. У 1989 годзе рэабілітаваны.

На момант рэабілітацыі Адольфу Гервятоўскаму мусіў ісьці 121 год...

У Адольфа быў сын Казімір. Яго таксама судзілі, вывозілі ў горад Ачынск, ён уцякаў, яго лавілі і зноў судзілі, цяпер ужо на катаргу. І таксама праз паўвека рэабілітавалі. Можа і добра, калі апраўдалі, хоць табе ўжо і за 80. Зь іншага боку – якая рэабілітацыя табе патрэбная? Прыбаўка да пэнсіі? Ці, можа быць, рэабілітацыя “добрага імя”?

Мяне дзівяць захады аб пасьмяротнай рэабілітацыі Ларысы Геніюш. Ці паэтка, катаваная ў ГУЛАГу, мусіць быць рэабілітаваная? Кім? Перад Богам і людзьмі ёй апраўданьня не патрабуецца. Што ж да рэабілітацыі перад сыстэмай, перад бюракратыяй, перад чэкістамі ўжо нашых дзён, дык такая рэабілітацыя – як просьба аб залічэньні ў рады гэтых самых бюракратаў і чэкістаў. І гэта тая Геніюш, якая ўсё жыцьцё цярпела пад перасьледам органаў, але, жывучы ў БССР, адмовілася прымаць савецкае грамадзянства. Гэта значыць, адмовілася ад чужой і ганебнай для яе сыстэмы. Гэта значыць, што захады аб рэабілітацыі Геніюш кардынальна супярэчаць яе ўласным прынцыпам, сьветапогляду, жыцьцю.

* * *

Пасьля кожнай усенароднай бяды людзям патрэбная сатысфакцыя. Інакш здаецца, што няма ў сьвеце ані праўды, ані справядлівасьці. І як з гэтым жыць?

Сатысфакцыя – здавольненьне найперш за прыніжаную годнасьць.

Праўда, што ў іншых ясна, у нас не. Скажам, у выпадку ўсенароднага прыніжэньня гаворка ідзе пра нацыянальную годнасьць, а яна ў нас ня толькі праніжалася за царом, за Сталіным, у вайну, але й сёньня прыніжаецца. Якая ж тут сатысфакцыя?

Беларускі народ у ХХ стагодзьдзі зьведаў многа бед, але ні разу ня зьведаў сатысфакцыі. Білі, плакаць не давалі і ня выбачыліся. Сталінскія рэпрэсіі – пад замком. Краіна – адзіная ў антыгітлераўскай кааліцыі – выйшла з вайны са стратамі тэрыторыі. Гэта не таму гаворыцца, каб тэрыторыі вярнуць, а таму, што гэта праўда і таму што сатысфакцыі за страты не было. Грымнуў Чарнобыль, і людзі дагэтуль ня ведаюць, ці нармальна яны жывуць, ці пад пагрозай сьмерці. Ляснулі савецкія ўклады, ну і канцом дзела. Няма сатысфакцыі.

Між тым, па вялікім рахунку, зусім не пералік нашых трагедыяў патрэбны нам для жыцьця, для будучыні, а гэтая самая сатысфакцыя, якая дазваляе закрыць адзін этап гісторыі і перайсьці ў іншы бяз камня на сэрцы і абсурду ў галаве. Але зрабіць так можна толькі тады, калі насельніцтва пачуваецца нацыяй – гаспадаром уласнага лёсу.

Цяпер больш ні слова пра трагедыі. Бо чую голас апанэнта – сатысфакцыя-сатысфакцыя, а як ты сабе тое ўяўляеш? Уяўляць можна ўсё што заўгодна. Лепей узяць рэальную сытуацыю. Вось найбольш блізкая нам і ў гісторыі і ў геаграфіі і ў агульнай сытуацыі – Літва. Як там спраўляюцца з тымі самымі праблемамі? Мой суразмоўца – Валянцін Стэх – той чалавек, які ў Літве непасрэдна ажыцьцяўляе тую самую сатысфакцыю.

Заўважу, што, у адрозьненьне ад Беларусі, Літва пасьля 1991 году канчаткова разьвіталася з камунізмам. Там былі распачатыя працэсы рэстытуцыі – вяртаньня людзям адабранае камуністамі маёмасьці, і люстрацыі – выкрыцьця тых, хто супрацоўнічаў з камуністычным рэжымам, хто фактычна і спрычыняўся да рэпрэсіяў. Літва аб’яднала ўвесь пэрыяд з 1940 году, калі апынулася ў складзе СССР, да 1990-га, калі з гэтага складу выйшла, у адзін. Усе, хто пацярпеў за гэты час дамагаюцца статусу пацярпелых і адпаведных грашовых кампэнсацыяў. У іх лік уваходзяць і раскулачаныя сяляне, і зьняволеныя за антысавецкую агітацыю, і ахвяры нацыстаў, і тыя, каго паслалі на вайну ў Аўганістан, і ліквідатары наступстваў Чарнобыльскай катастрофы... Усе гэтыя людзі ўвасабляюць сабою найбольш пакрыўджаную частку нацыі, а кампэнсацыі, якія выплачвае ім літоўская дзяржава – гэта сатысфакцыя для ўсяго народа, які сам распараджаецца сваім лёсам. Як дзейнічае гэты мэханізм – распавядае Валянцін Стэх, супрацоўнік прававой камісіі пры Цэнтры дасьледаваньня генацыду і рэзыстэнцыі насельніцтва Літвы.

Стэх: Кола пытаньняў гэтай установы даволі шырокае. Мы ж цяпер павядзем размову аб тых людзях, якія ў 1939-1990 гады пацярпелі ад акупацыйных рэжымаў, гэта значыць, ад нацысцкай Нямеччыны і ад Савецкага Саюзу. Калі Літва аднавіла сваю незалежнасьць у 1991 годзе, тут жа быў прыняты шэраг законаў аб частковай кампэнсацыі тых стратаў, якія панесьлі жыхары Літвы. Гэтыя законы прадугледжваюць наданьне чалавеку статуса пацярпелага. Пацярпелымі прызнаюцца асобы, якія былі зьняволеныя, вывезеныя ў Сібір, параненыя і згубілі здароўе, не маглі набыць адукацыі альбо працаваць па спэцыяльнасьці, якія бралі ўдзел у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі, якія служылі ў Аўганістане, якія былі пераселеныя яшчэ напярэдадні вайны з Польшчы.

-- Іншымі словамі, існуе пэўны стандарт пацярпелага ў гэты пэрыяд з розных прычын і ў розных абставінах. Напэўна, такіх людзей нямала...

Стэх: Магу сказаць толькі, што на сёньняшні дзень да нас зьвярнулася звыш 80-ці тысяч. Гэта ня ўлічваючы непасрэдных удзельнікаў супраціву, тых людзей, якія адстайвалі незалежнасьць Літвы са зброяй у руках. Ну а ўсяго, я думаю, недзе тысяч каля ста.

-- Якім чынам гэта ўсё выглядае? Людзі зьвяртаецца, вы разглядаеце і прызначаеце кампэнсацыю...

Стэх: Сваё права на гэты статус яны павінны падмацаваць дакумэнтамі, да ліку якіх, у першую чаргу, адносяцца архіўныя даведкі. Калі ў архіве такіх зьвестак не захавалася, яны могуць зьвярнуцца ў суд па месцы свайго жыхарства, тады справа разглядаецца на падставе рашэньня суда, і пасьля таго, як усе гэтыя дакумэнты паступаюць да нас, камісія вырашае, каму зь іх прызнаць гэты статус, а каму не.

-- Возьмем такі прыклад. Калі ў чалавека дзед быў арыштаваны і расстраляны за антысавецкую агітацыю, гэты чалавек зьвяртаецца да вас і што вы яму кажаце?

Стэх: Калі гэта быў дзед, то ўнукі ніякіх правоў ня маюць. А вось дзеці – так. Дзеці могуць зьвяртацца да нас (і яны гэта робяць) з просьбай надаць ім той ці іншы статус. Калі, да прыкладу, бацька ці маці былі засуджаны па славутым 58-м артыкуле Расейскай Фэдэрацыі, а сям’я не магла ў выніку гэтага заставацца жыць на сваім ранейшым месцы, вымушана была хавацца, жыць па чужых людзях, то дзеці вось гэтага пацярпелага таксама маюць права на гэты прававы статус. І пры выхадзе на пэнсію маюць права на надбаўку да пэнсіі, якая на сёньняшні дзень складае 200 літаў альбо, па сёньняшнім курсе, звыш 90 даляраў. Ёсьць і іншыя кампэнсацыі. Напрыклад, аднаразовыя. Ёсьць дзяржаўныя пэнсіі першай, другой ступені. Але гэта адносіцца да ўдзельнікаў менавіта ўзброенага супраціву.

-- Вільня ва ўсе часы была адкрытая да Беларусі, і тут жыве шмат беларусаў. Якім чынам абмежаваныя магчымасьці пацярпелых тэрытарыяльна?

Стэх: Для таго, каб атрымаць статус пацярпелага, не абавязкова было нарадзіцца на тэрыторыі сучаснай Літвы. Неабавязкова было мець літоўскае грамадзянства. Калі на сёньняшні дзень асоба мае грамадзянства Літоўскай Рэспублікі, дык незалежна ад таго, якое грамадзянства яна мела раней, яна мае права на гэты статус. Зразумела, пры ўмове, што яна зможа даказаць.

-- А калі сын, сучасны грамазянін Літвы, зьвяртаецца да вас і кажа, што ў яго ў 1930-я гады на тэрыторыі сучаснай Беларусі пацярпеў бацька, які ня быў грамадзянінам Літвы...

Стэх: Так, мы разглядаем такія заявы.

-- У Беларусі цяпер КГБ культывуе думку, што ледзьве ня больш за астатніх пацярпелі карнікі, якія асуджалі і расстрэльвалі невінаватых грамадзян, а потым самі адпраўляліся сьледам за імі. Такія выказваньні можна сустрэць на сайце КГБ у інтэрнэце або ў інтэрвію прадстаўнікоў гэтай арганізацыі. Як па мне, дык гэта працяг абсурду. Цягнуў воўк, пацягнулі і ваўка. У тым, што расстралялі забойцу, няма нічога добрага, але й нічога звышнатуральнага няма. Зусім ненатуральна таго ваўка ўпісваць сёньня ў мартыралёгі авечак – мірных грамадзян, якія былі абсалютна незаконна вырваныя з жыцьця. Як у Літве разьбіраюцца з пацярпелымі карнікамі, ці даюць ім надбаўку да пэнсіі?

Стэх: Гэты статус не надаецца былым супрацоўнікам карных органаў – што нацысцкай Нямеччыны, што Савецкага Саюзу. Да гэтага кола людзей, у тым ліку, адносяцца і сакратары цэнтральнага камітэту кампартыі Літвы, раённых камітэтаў, загадчыкі аддзелаў, інструктары, вызваленыя партыйныя сакратары на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях.

-- Гэта значыць, усе, хто непасрэдна меў дачыненьне да рэпрэсіўнай сыстэмы.

Стэх: Абсалютна так.

* * *

Існуе думка, што Беларусь – не Літва, што там нейкае ўсё іншае, літоўцы – нацыяналісты і ўвогуе ледзь ня немцы нейкія. Насамрэч, гэта ня так. І пасьляваенная савецкая гісторыя ў іх нічым не адрозьніваецца ад нашай. Іншая рэч, што яны разабраліся са сваім мінулым і ўжо сёньня сьпяшаюцца кампэнсаваць сваім грамадзянам страты савецкага часу, пакуль людзі тыя жывыя – з уласнага бюджэту, бо перамовы з Масквой на гэтую тэму могуць цягнуцца колькі заўгодна і скончыцца нічым.

Тое, што ўсе пацярпелыя за гэты пэрыяд сабраныя ў адну групу і трактуюцца менавіта такім чынам, – вынік таго, што ўвесь гэты пэрыяд ацэнены як акупацыйны. Ці магчымае такое ў Беларусі? Не. Бо ўвесь савецкі пэрыяд не разглядаецца ў нас уладамі як адно цэлае і пры тым супярэчнае нацыянальным інтарэсам беларускага народу. Кажуць – гэта наша гісторыя, якая б яна ні была. Фраза прыгожая, але хлусьлівая. Дастаткова ўдумацца – наколькі гэта наша гісторыя, наколькі ад нас залежаў выбар улады, выбар рэпрэсіяў, войнаў і катастроф. Не, гэта якраз ня наша гісторыя. Гэта гісторыя, у якой беларуская нацыя была то гарматным мясам, то паддосьледнай авечкай, то паслухмяным электаратам, але ніколі – суб’ектам сваёй уласнай гісторыі. У літоўцаў тая самая сытуацыя, толькі яны сказалі сабе – гэта была ня наша гісторыя. Гісторыя пра нас, з нашым удзелам – так, але ня наша. Акупацыйная адносна нас гісторыя. Калі так, то зьяўляюцца рэальныя адказныя за злачынствы савецкага пэрыяду і рэальныя пацярпелыя.

У прымірэнчай, на першы погляд, трактоўцы пра “нашу гісторыю” не знаходзіцца месца сотням тысяч нашых суайчыньнікаў, што пацярпелі ад незаконных і антычалавечых дзеяньняў улады, а значыць, няма нікога, каму трэба было б кампэнсаваць страты. Трактоўка пра “нашу гісторыю, якой бы яна ні была” – гэта насамрэч загаворваньне зубоў, якім улада і яе прапаганда папярэджваюць магчымыя заклікі да кампэнсацыяў і сатысфакцыі. Народ застаецца жыць не адпомшчаны і не адудзячаны, без сатысфакцыі. У каардынатах абсурду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG