Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Розныя погляды на "саюзную дзяржаву"


У Маскве і Менску існуюць супрацьлеглыя погляды на так званую саюзную дзяржаву. Калі Расея выступае за перавод саюзных дачыненьняў на рынкавыя рэйкі, дык Беларусь па-ранейшаму патрабуе для сябе прэфэрэнцыяў.


Пра патрабаваньні беларускага боку гаворыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол:

“У пабудову рэальнага мытнага саюзу сёньня ніяк не ўкладаюцца наяўнасьць расейскай мыты на нафту для Беларусі, тарыфных абмежаваньняў на пастаўку беларускага цукру ў Расею, а непрадказальнасьць коштаў на рынку энэрганосьбітаў ставіць пад пагрозу дасягненьне заплянаваных паказчыкаў. Мы казалі пра роўныя ўмовы суб’ектам гаспадараньня саюзнай дзяржавы. Раней цана на газ была 50 даляраў за тысячу кубоў, цяпер стала 128. А ў наступным годзе, калі сыходзіць зь дзейнай формулы разьлікаў, яна будзе больш за 200 даляраў. Пра якую рэальную саюзную дзяржаву, пра якое рэальнае супрацоўніцтва ў галіне эканомікі ідзе размова?!”

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў згадвае: пераход да рынкавых коштаў энэрганосьбітаў для Беларусі фактычна пачаўся толькі летась. Ды й цяпер яны даволі далёкія ад усясьветных, што адпавядае палітыцы адаптацыі беларускай эканомікі да рынкавых умоваў. І Расея на гэтыя льготы для беларусаў пагадзілася:

“Мабыць правільным было рашэньне 2007 году аб падвядзеньні больш істотнай эканамічнай базы пад саюзную дзяржаву. І пераводзе ў гэтай сытуацыі нашых узаемадачыненьняў у галіне цэнаў на энэрганосьбіты на канкурэнтную альбо рынкавую форму”.

Дзяржсакратар так званага Саюзу Беларусі і Расеі Павал Барадзін таксама гаворыць пра рынкавыя кошты:

“Патрэбна ўсім нам, у тым ліку і беларусам, пераходзіць на ўсясьветныя кошты”.

Калі афіцыйныя палітыкі з Масквы і Менску пераконваюць у карысьці так званай саюзнай дзяржавы, у якасьці аргумэнтаў называюць памеры ўзаемнага таваразвароту паміж Беларусьсю і Расеяй.

Яны растуць штогод. Але і тут ня ўсё так добра. Старшыня эканамічнай камісіі Парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі Алег Талкачоў адзначае: хаця абсалютныя лічбы сапраўды растуць, тэмпы гандлёвага росту за два апошнія гады зьмяншаюцца.


Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук тлумачыць новую сытуацыю:

“Першая тэндэнцыя -- беларускія тавары становяцца менш канкурэнтаздольнымі на расейскім рынку. Другая тэндэнцыя – канкурэнцыя на расейскім рынку ўзрастае, і расейцы, якія становяцца больш багацейшымі, купляюць больш высокатэхналягічныя тавары зь іншых краінаў”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG