З 1 красавіка прыём заявак на выдачу амэрыканскіх віз адноўлены. Аб’ём яго скараціўся ўдвая — з-за таго, што ў Менску застаўся толькі адзін консул. Адначасова ў амбасадзе пацьвердзілі, што ўчора была атрыманая новая прапанова МЗС Беларусі аб далейшым скарачэньні яе штату. “Прапанова МЗС аб скарачэньні перададзеная ў Дзярждэпартамэнт і цяпер вывучаецца”, — зазначылі ў амбасадзе ЗША.
На мінулым тыдні штат амбасады ЗША ўжо быў скарочаны пад ціскам беларускага боку да 17 чалавек. Новыя патрабаваньні аб скарачэньні штату амэрыканскай амбасады МЗС Беларусі тлумачыць адмовай ЗША скасаваць санкцыі супраць канцэрну “Белнафтахім”.
Менскі эканаміст Леанід Злотнікаў зазначае, што дакладнай інфармацыі аб патэнцыйных стратах беларускага боку ад гэтых санкцыяў не даюць ні Менск, ні Вашынгтон. Але відавочна, што яны моцна зачапілі беларускія ўлады, мяркуе спадар Злотнікаў. І справа ня толькі ў беларускім калійным экспарце ў ЗША і гіпатэтычных прыбытках ад вэнэсуэльскіх кантрактаў:
“Хутчэй за ўсё, размова ідзе пра тое, што недзе ў фінансавай сыстэме магчымыя блякаваньні плацяжоў у амэрыканскіх далярах у тых сыстэмных банках, якія кантралююць гэтыя плацяжы. Мяркую, што амэрыканцы прадэманстравалі такую пагрозу, не рэалізуючы яе. Пакуль што”.
Як далёка можа пайсьці афіцыйны Менск у дыпляматычным супрацьстаяньні з ЗША? Меркаваньне дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Касьцяна:
“Я ня думаю, што амэрыканцы такія дурні, каб разрываць адносіны з намі. Але калі яны гэта зробяць, то мы нічога ня страцім, больш за ўсё страціць Амэрыка, яна ніякай сувязі, ніякага ўплыву, ніякай інфармацыі ня будзе мець аб Беларусі”.
Менскі палітоляг Аляксей Кароль бачыць і іншы аспэкт канфлікту ў дыпляматычных адносінах ЗША і Беларусі:
“Іх вельмі балюча зачапілі санкцыі супраць “Белнафтахіму”, і яны імкнуцца іх скасаваць. Думаю, што яны гатовыя пайсьці і на далейшае абвастрэньне (невядома, ці плянуюць яны разрыў дыпляматычных адносін), але ўжо зь іншай мэтай — праз такія свае захады на адрас ЗША дамагчыся эканамічных прэфэрэнцыяў ад Расеі”.
Ранейшыя дзеяньні амэрыканскага боку ў адказ на ціск афіцыйнага Менску на амбасаду ЗША спадар Кароль ацаніў як “выкананьне правілаў добрага тону ў дыпляматычных адносінах”:
“Але думаю, што там таксама ёсьць мяжа. Паддавацца націску і шантажу яны ня будуць. Не таму, што ЗША — вялікая дзяржава, а таму, што гэта пераходзіць усе межы цывілізаваных дыпляматычных адносін”.
Палітоляг Аляксей Кароль мяркуе, што ў дадзеным выпадку беларускія ўлады падштурхоўваюць ЗША і Эўразьвяз да кансалідаваных дзеяньняў у адказ.
***
МЗС Беларусі ўчора абвясьціла пра скарачэньне штату сваёй амбасады ў Вашынгтоне і запатрабавала, каб і Злучаныя Штаты адпаведна скарацілі колькасьць супрацоўнікаў у сваёй амбасадзе ў Менску. Колькі цяпер амэрыканскіх дыпляматаў беларускі бок патрабуе скараціць і ў якія тэрміны — у МЗС ня кажуць.
Дыпляматычны канфлікт паміж Беларусьсю і ЗША ўзьнік пасьля таго, як ЗША ўвялі абмежавальныя захады датычна дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім”. Амбасадара Беларусі ў ЗША Міхаіла Хвастова адклікалі “для кансультацыяў”. Адначасна беларускія ўлады настойліва рэкамэндавалі паслу ЗША Карэн Ст’юарт таксама пакінуць Беларусь з аналягічнай мэтай, і 12 сакавіка яна выехала зь Беларусі.
Прадстаўнік ЗША ў АБСЭ Кайл Скот заявіў пазьней, што санкцыі адносна “Белнафтахіму” накіраваныя ня супраць беларускага народу, а толькі супраць тых, хто мае дачыненьне да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. ЗША зноў заклікалі ўлады Беларусі вызваліць палітвязьня Аляксандра Казуліна і тым самым паспрыяць дыялёгу аб паляпшэньні дачыненьняў.