Чарговы пікет каля будынку амбасады Беларусі ў Брусэлі адбыўся ў панядзелак 31 сакавіка. Актывісты, нават з дапамогай паліцыі, так і ня здолелі перадаць сваю пэтыцыю ў амбасаду Беларусі.
Напярэдадні пікету актывісты Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня распаўсюдзілі інфармацыйныя ўлёткі, і падтрымаць акцыю прыйшлі таксама жыхары Брусэлю. Спроба перадаць пэтыцыю супрацоўнікам амбасады скончылася безвынікова, нягледзячы на намаганьні як маніфэстантаў, так і паліцыі.
«Беларуская дыяспара ў Каралеўстве Бэльгія заяўляе рашучы пратэст супраць масавага зьбіцьця беларускіх грамадзянаў, што мела месца падчас сьвяткаваньня Дня абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка ў Менску.
Антыбеларуская палітыка вынішчэньня нацыянальнае памяці, мовы і культуры, што праводзіць урад спадара А. Лукашэнкі, з кожным годам робіцца ўсё больш цынічнай і брутальнай», – гаворыцца ў тэксьце пэтыцыі.
Беларуска-эўрапейскае задзіночаньне заклікае: «Нагадваем чынавенству, якое прыслугоўвае акупацыйнаму рэжыму Лукашэнкі, пра непазьбежную адказнасьць за зьдзек над Беларускім народам, парушэньне Канстытуцыі і здраду Беларускай Дзяржаве. Угаворваем усімі магчымымі спосабамі вяртаць на Беларусі законнасьць і вяршэнства гарантаваных Канстытуцыяй правоў чалавека».
Як паведаміў арганізатар пратэстаў Зьміцер Піменаў, акцыі будуць працягвацца, але ўжо ў іншай форме, бо яшчэ да пачатку кожнага пікету амаль усе супрацоўнікі амбасады з’яжджаюць “па вельмі важных справах”:
“У панядзелак супрацоўнікі паліцыі нам паведамілі, што для таго, каб працягваць акцыю, патрэбны дазвол бургамістра.
Калі раней паліцыянты званілі ў дзьверы амбасады і спрабавалі размаўляць з супрацоўнікамі, дык сёньня яны заявілі, што рабіць гэтага ня будуць, бо абураныя непаважлівымі дзеяньнямі апошніх у адносінах да беларусаў і бэльгійскай паліцыі. Тым больш, калі ў амбасадзе нікога не застаецца, апрача сакратароў, няма сэнсу стаяць насупраць з патрабаваньнем прыняць пэтыцыю ні паліцыянтам, ні нам”.