Паводле падлікаў, кожны даляр, укладзены ў гэтую справу, можа прынесьці 900% прыбытку. На якія прыбыткі разьлічваюць беларускія прадпрымальнікі, што бяруцца за будаўніцтва прыбіральняў?
Паводле статыстыкі ААН, амаль траціна насельніцтва плянэты, альбо 2,5 мільярды чалавек, ня маюць доступу да абсталяваных прыбіральняў. Штодня каля 800 мільёнаў чалавек траціць мінімум паўгадзіны на тое, каб знайсьці больш-менш камфортнае месца для адпраўленьня сваіх фізыялягічных патрэбаў. Дарэчы, штомесяц на такія пошукі чалавек марнуе ў сярэднім 15 гадзінаў.
У Заводзкім і Маскоўскім раёнах Менску – па адной прыбіральні
Да 2015 году, як лічаць экспэрты ААН, інвэставаць у будаўніцтва прыбіральняў трэба каля 40 мільярдаў даляраў. Такія фундаваньні могуць прынесьці больш за 300 мільярдаў даляраў чыстага прыбытку.
У двухмільённым Менску – каля трох дзясяткаў грамадзкіх прыбіральняў. Практычна ўсе яны збудаваныя яшчэ ў 1970-1980-х гадах мінулага стагодзьдзя. Адначасова яны могуць прыняць у сярэднім да 20 чалавек. Да 2009-га гарадзкія ўлады абяцаюць адрамантаваць яшчэ 18 аб'ектаў.
У Заводзкім і Маскоўскім раёнах сталіцы – па адной прыбіральні. У самым вялікім тэрытарыяльна Фрунзэнскім раёне – тры. Укладаць грошы ў далейшае разьвіцьцё туалетнай інфраструктуры рызыкуюць адзінкавыя бізнэсоўцы.
Кіраўніца прадпрыемства “Сэрвіс-генуя”, адзінага ў Беларусі, якое спэцыялізуецца на абсталяваньні грамадзкіх прыбіральняў, Ніна Касіла з Горадні згодная з тым, што тэарэтычна туалетны бізнэс можа прыносіць немалы прыбытак:
“Сам па сабе гэты бізнэс выгадны. Але мы цяпер гінем, таму што эўра пайшоў уверх, арэнда ў пераліку на эўра вялізная, і мы проста не пасьпяваем бегчы за такім забойчым курсам. Ледзьве-ледзьве выплачваем людзям заробак. Пра мяне як заснавальніка нават няма гаворкі, каб я атрымлівала нейкія дывідэнды. Прыкладам, мы працуем у Бабруйску на чыгуначным вакзале. Там арэнда – 288 эўра. Падвысілі нядаўна кошт на 50 рублёў – да 450 рублёў за ўваход. Але літаральна за месяц “зьеліся” гэтыя 50 рублёў арэндаю. І мы зноў ня можам ні разьвівацца, ні рамонту зрабіць, ні ўзяць яшчэ памяшканьне ў арэнду”.
Маё тэлефанаваньне засьпела спадарыню Касілу за напісаньнем заявы. Разам з бухгальтарам фірмы “Сэрвіс-генуя” яна складала ліст на імя кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі з просьбай паспрыяць у пераглядзе тарыфаў арэнды пад прыбіральні, паколькі ў іншым выпадку, кажа бізнэсоўка, справа папросту “загнецца”.
Арэнду для прыбіральняў пералічыць з эўра на даляр
Ніна Касіла дадае, што праблема ня толькі ў арэндзе. Каб збудаваць сучасную прыбіральню, трэба мець якасныя матэрыялы для яе абсталяваньня. А іх таксама даводзіцца завозіць з Эўразьвязу:
“Абсталяваньне – сушыльні для рук, сыфоны для зьліву вады – за эўра набываем у Польшчы. Вось, прыкладам, цяпер узялі прыбіральню ў арэнду і адразу ж уклалі ў яе 28 сыфонаў. Аднавілі падачу вады, якая цяпер расходуецца ў меншай колькасьці. А то памочыцца чалавек 200 грамаў, а з бачка зьліваецца 2 вядры вады. Ніякай эканоміі. Але працуем і гінем адначасна, бо надзвычай высокая арэнда для гэтага бізнэсу. Ня ведаю, дапаможа чым Саўчанка ці не, але пішам сёньня ліст”.
Як кажа мая суразмоўца, каб заставалася больш грошай, зьявілася б магчымасьць істотна палепшыць умовы для карыстальнікаў выгодамі прыбіральняў. Прыкладам, цяпер толькі ў дзьвюх грамадзкіх прыбіральнях па ўсёй Беларусі ёсьць такая раскоша, як цёплая вада – у Салігорску і Магілёве. У іншых месцах не заўсёды ёсьць нават халодная.
Такая карціна характэрная й для некаторых менскіх прыбіральняў. Ніна Касіла кажа, што магла б дапамагчы менчукам, але вельмі складана дастукацца да патрэбных чыноўнікаў.
Не ўдалося знайсьці адказных за прыбіральні і мне. Пасьля некалькі спробаў перакінуць адказнасьць за гэтую сфэру з аднаго кабінэту ў другі так і пакінулі пытаньне адкрытым: ці варта аддаць напаўжывыя грамадзкія прыбіральні прыватнікам, якія, магчыма, здолелі б іх упарадкаваць?
Колішні кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менгарвыканкаму Іван Анташкевіч кажа: калі ён працаваў чыноўнікам, ніколі такое пытаньне нават не паўставала.
“Туалетная тэма – адзін з паказьнікаў культуры і цывілізаванасьці як народу, так і дзяржавы. І тое, што ў нас такая сытуацыя, зразумела, нядобра. Але разам з тым я лічу: гэта не першачарговая наша мэта. Мы можам гаварыць, што нешта магчыма зьмяніць, але і ў прыватныя рукі перадасі – будзе гэтак жа шмат праблемаў, бо ўсё астатняе не ў прыватных руках.
У нас яшчэ бяда ў тым, што ня толькі гэтыя прыбіральні адзінкавыя ў горадзе, але яшчэ й платныя, у тым ліку нават на чыгуначным вакзале. У іншых краінах ёсьць і бясплатныя. Узяць Канаду – там грамадзкія прыбіральні бясплатныя. Яны могуць знаходзіцца ў прыватных руках, але ёсьць датацыі з боку дзяржавы. Таму дзяржаўныя яны ці прыватныя – ня мае вялікага значэньня, калі ў краіне праводзіцца нармальная палітыка, перш за ўсё рынкавая эканамічная. А калі такая, як у нас, то нават калі будуць прыватныя прыбіральні, то ня ўпэўнены, што яны прынясуць якуюсь карысьць і гэта будзе добра. Апроч таго, што яшчэ больш падаражэе і што іх будзе па-ранейшаму мала. Таму ня думаю, што гэта тое, чым трэба займацца перш за ўсё”.