Нагадаем, што ўчора ў размове з журналістамі аўстрыйскага агенцтва АРА беларускі кіраўнік сказаў наступнае: “Дэмакратыя ў Беларусі такая ж, як і ў Аўстрыі, адно да аднаго, дэмакратычныя каштоўнасьці знаходзяцца ў нас на такім жа ўзроўні”.
Зь вядомым аўстрыйскім праваабаронцам Гайнцам Патцэльтам гутарыла Алена Струвэ.
Паводле Генэральнага сакратара аўстрыйскай Amnesty International, гэтая арганізацыя — у адрозьненьне ад беларускага лідэра — не займаецца параўнаньнямі ўзроўняў дэмакратыі ў розных краінах. Аднак і без усялякіх параўнаньняў сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі выглядае вельмі складанай і небясьпечнай.
Патцэльт: “Гэта тычыцца і свабоды слова, і сьмяротнага пакараньня, і перасьледу апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, незалежных арганізацыяў. Зразумела, парушэньні правоў чалавека ў гэтых галінах здараюцца і ў Аўстрыі, а таксама ў іншых краінах ЭЗ. Аднак у любым выпадку яны не такія брутальныя, сыстэматычныя, працяглыя і частыя, як у Беларусі. І за гэта прэзыдэнт Лукашэнка мусіць несьці поўную адказнасьць”
Карэспандэнтка: “Учорашняе інтэрвію беларускага кіраўніка аўстрыйскаму АРА выклікала вялікую рэакцыю сярод беларускіх блогераў. Інтэрнэт у Беларусі — бадай што адзіная мэдыйная прастора, дзе можна спакойна абмеркаваць тыя ці іншыя выказваньні беларускага лідэра. Дык вось, наведнікі беларускіх праваабарончых сайтаў пераважна крытыкуюць цяперашнюю пазыцыю Аўстрыі, аўстрыйскага бізнэсу ў дачыненьні да беларускага рэжыму…
Патцэльт: “Міжнародная Амністыя” неаднойчы папярэджвала аўстрыйскіх прадпрымальнікаў, як лёгка ўблытацца ў сытуацыю зь цяжкімі парушэньнямі правоў чалавека, калі робіш гешэфты зь беларускай дзяржавай. Паколькі гэтая дзяржава сыстэматычна парушае асноўныя правы і свабоды беларусаў. Адмысловае папярэджаньне з гэтай нагоды мы зрабілі кіраўніку аўстрыйскага “Тэлекому”. Кампанія, сапраўды, трапіць у цяжкое становішча, калі на просьбу беларускіх уладаў выдасьць патрэбную інфармацыю пра сваіх кліентаў. Мы зьвярнулі ўвагу і кіраўніцтва аўстрыйскага “Райфайзэнбанку” на тое, наколькі небясьпечна выдаваць крэдыты беларускаму рэжыму — з дапамогай гэтых грошай улады змогуць працягваць масіраваны наступ на правы чалавека”
У размове са “Свабодай” Гайнц Патцэльт сказаў, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі знаходзіцца ў зоне кантролю практычна ўсіх эўрапейскіх філіяў АІ.
“Міжнародная Амністыя” будзе ўважліва сачыць за тым, як будуць разьвівацца падзеі 25 сакавіка ў Беларусі, а таксама патрабаваць ад беларускіх уладаў неадкладнага вызваленьня палітвязьня Аляксандра Казуліна.