Пра намер пачаць з 21 сакавіка галадоўку за вызваленьне Аляксандра Казуліна і спыненьне перасьледу іншых апазыцыянэраў заявілі сёньня лідэры прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў зь Менску, Віктар Гарбачоў з Барысава і Анатоль Зьмітровіч са Сьветлагорску. Таксама да галадоўкі далучыцца Алесь Стральцоў зь Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), якую ўзначальвае Аляксандр Казулін.
Віктар Гарбачоў гэтак патлумачыў сваё рашэньне:
“Мы пакажам, што тыя, хто цяпер сядзіць у турмах за палітыку, не адзінокія, пра іх не забыліся. Што зь імі салідарныя тысячы нармальных людзей”.
У Аляксандра Макаева гэта будзе другая галадоўка ў жыцьці. Першую прадпрымальнік трымаў у студзені ў менскай турме на Акрэсьціна.
“12-га мяне асудзілі на 15 сутак, і я абвясьціў галадоўку, пратэстуючы супраць незаконнага асуджэньня і дрэнных умоў утрыманьня. Такім чынам, пэўны досьвед галадовак у мяне ёсьць. Галоўнае — вытрымаць першыя тры дні, а потым уцягваесься. Несалодка, канечне, але вытрымаць можна. Плянаў, калі скончыць галадоўку, пакуль няма. Разьлічваем, што яна будзе эстафэтнай і новы этап пачнецца 24 сакавіка. Хто далучыцца тады — паглядзім”.
Як паведаміў Радыё Свабода былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч, 24 сакавіка да галадоўкі зьбіраюцца далучыцца праваабаронца Людміла Гразнова і яшчэ шэраг палітыкаў.
Нагадаю, 10 сакавіка галадоўку за вызваленьне Аляксандра Казуліна і спыненьне рэпрэсій супраць апазыцыі пачалі браты Сяргей і Аляксандар Скрабцы. Пазьней да іх далучыліся актывіст Сяргей Галаганюк і былы міліцыянт Алег Алкаеў. Сёньня пачалі галадоўку актывістка Тацяна Ваніна і прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.
Праз 5 дзён будзе два гады, як патрапіў за краты былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін. Увесь гэты час грамадзкасьць дамагаецца вызваленьня апазыцыянэра, якога шэраг міжнародных праваабарончых арганізацый прызнаў вязьнем сумленьня. Таксама зараз гучаць патрабаваньні пра вызваленьне актывістаў Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча, якіх беларускія ўлады арыштавалі пасьля акцый пратэсту на пачатку 2008 году.