Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўтораны зварот аб вызваленьні А.Казуліна


Юлія Казуліна накіравала паўторны зварот аб датэрміновым вызваленьні свайго бацькі, былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна.


У звароце да начальніка калёніі “Віцьба-3” Віталя Агнісьцікава, а таксама да начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі Валерыя Яромкіна Юлія Казуліна настойвае на паўторным разглядзе пытаньня адносна замены рэшты тэрміну на больш мяккае пакараньне – грамадзкія ці папраўчыя працы.

Дачка апазыцыйнага палітыка таксама заклікала гэтых службовых асобаў “выкарыстаць свае паўнамоцтвы для адмены дысцыплінарных пакараньняў” у дачыненьні да Аляксандра Казуліна. Гэта паспрыяе накіраваньню ў суд прадстаўленьня аб вызваленьні палітзьняволенага.

Нагадаем, напрыканцы лютага адбылася грамадзкая акцыя з патрабаваньнем вызваленьня Аляксандра Казуліна ў сувязі з тым, што ён адбыў траціну тэрміну пакараньня. Дочкі палітвязьня таксама накіравалі ліст адміністрацыі калёніі. Адміністрацыя адказала, што А.Казуліну “адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні”. Маўляў, А.Казулін “зарэкамэндаваў сябе з адмоўнага боку: мае 10 парушэньняў рэжыму ўтрыманьня”.

Паводле былога адваката палітзьняволенага Ігара Рынкевіча, “адміністрацыя калёніі парушыла прадмет разгляду мінулых зваротаў на рэалізацыю законнага права А.Казуліна”. Паводле спадара Рынкевіча, меркаваньне рады выхавальнікаў атраду і адмысловай камісіі мае папярэдні характар. А вырашыць пытаньне аб прадстаўленьні ўмоўна-датэрміновага вызваленьня ці замене часткі тэрміну на больш мяккае пакараньне павінен начальнік калёніі. Пасьля гэтага пытаньне выносіцца на разгляд суду.

Ігар Рынкевіч заявіў:

“Мы як і раней не здымаем з сусьветнага парадку дня патрабаваньне безумоўнага і неадкладнага вызваленьня палітзьняволенага Аляксандра Казуліна”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG