Камунальнікі хочуць праз суд атрымаць болей за 2 мільёны рублёў. Нібыта такіх грошай ім каштавала прыбраць вуліцы Менску пасьля “Эўрапейскага маршу”, які прайшоў 14 кастрычніка 2007 году. У калькуляцыі стратаў — праца прыбіральшчыкаў і тэхнікі, бэнзін і нават чатыры рулёны туалетнай паперы.
У “Гараўтадоры” палічылі, што плаціць за ўсё павінны заяўнікі “Эўрапейскага маршу” – гэта апазыцыянэры Віктар Івашкевіч, Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка, Аляксандар Мілінкевіч, а таксама моладзевыя актывісты Зьміцер Хведарук і Яўген Афнагель. Сёньня ў суд прыйшлі Віктар Івашкевіч і Анатоль Лябедзька. Прадстаўнік “Гараўтадору” Святлана Навіцкая даводзіла: “Вас папярэдзілі, што трэба заключыць дамову на прыбіраньне вуліц пасьля шэсьця, але вы гэтага не зрабілі, нашыя паслугі так і не аплацілі. Таму мы і падалі ў суд”. Два мільёны рублёў прадстаўніца камунальнай службы прапанавала “спагнаць салідарна” з усіх шасьці апазыцыянэраў.
Віктар Івашкевіч, як і Анатоль Лябедзька, задаволіць пазоў адмовіўся.
“Дзейнічаў цалкам у адпаведнасьці з рашэньнем Менгарвыканкаму. Гэта пацьвярджаецца і тым, што я ня быў прыцягнуты да адказнасьці за парушэньне гэтага рашэньня. Хіба ў “Гараўтадору” ёсьць доказы адваротнага?”
Доказаў таго, што Івашкевіч ці іншы заяўнік “Эўрапейскага маршу” забруджваў вуліцы сам альбо заклікаў да гэтага людзей, “Гараўтадор” не падаў.
Паводле Віктара Івашкевіча, “Гараўтадор” сам вінаваты ў сытуацыі, бо не даслаў арганізатарам “Эўрапейскага маршу” рахунак за прыбіраньне вуліц. “Мы плаціць не адмаўляліся”, — заявіў суду Віктар Івашкевіч. Анатоль Лябедзька заўважыў, што прэтэнзіі ўзьніклі чамусьці праз два месяцы пасьля шэсьця. “Тут яўна палітычная замова”, — мяркуе лідэр АГП. Віктар Івашкевіч таксама зьвярнуў увагу на блытаніну з маршрутамі ў пазове “Гараўтадору”: “Эўрапейскі марш” заяўляўся як шэсьце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Так ён і прайшоў, але чамусьці нас хочуць прымусіць плаціць за маршрут ад Кастрычніцкай плошчы да Акадэміі навук. Калі хто й ішоў такім шляхам, то з уласнай ініцыятывы і па ходніках”, — тлумачыў намесьнік старшыні БНФ.
Суду прыйдзецца яшчэ разьбірацца з калькуляцыяй стратаў, якую зрабіў “Гараўтадор”, уключна з радком пра туалетную паперу. Хто ёю скарыстаўся: удзельнікі шэсьця, міліцыянты ці прыбіральшчыкі? Прадстаўніца арганізацыі патлумачыць гэтага не змагла і прапанавала выклікаць адмыслоўцаў. Павінны выступіць і іншыя заяўнікі “Эўрапейскага маршу”, якіх сёньня не было. Даведаўшыся, што адзін з адсутных, Вінцук Вячорка, знаходзіцца за мяжой, судзьдзя Сяргей Баразна часова прыпыніў слуханьне справы.