Месца і час адзначэньня сьвята невыпадковыя - пачынаецца сэсія Эўрапарлямэнту. Арганізатары спадзяюцца такім чынам яшчэ раз прыцягнуць увагу эўрапейцаў як да беларускай гісторыі, так і да цяперашняга становішча ў краіне.
Удзельнікі – прадстаўнікі кіраўніцтва БНР і вядомыя беларускія культурныя дзеячы і апазыцыйныя палітыкі.
Стаць гасьцямі “Беларускага тыдня” ўжо пагадзіліся старшыня Эўрапарлямэнту Ганс-Герт Потэрынг, кіраўнік парлямэнцкага камітэту па замежных сувязях Яцак Сарыюш-Вольскі, кіраўнік фракцыі Эўрапейскай народнай партыі-Эўрапейскіх дэмакратаў Джозэф Доўл ды некаторыя іншыя ўплывовыя эўрапейскія дэпутаты.
Куратарам гэтага праекту ад імя Эўрапарлямэнту выступае кіраўнік парлямэнцкай дэлегацыі ў сувязях зь Беларусьсю Яцак Пратасевіч. А ініцыятыва адзначыць беларускае сьвята ў Страсбуры сыходзіла ад партыі БНФ. З гэтай нагоды кіраўнік Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі адзначае:
“Вельмі важна, што гэтым разам ініцыятыва была зь беларускага боку. Мы не на ласку некага едзем, а на ўласную ініцыятыву. І ўсё гэта пачалося адбывацца яшчэ летась, калі БНФ выступіў з такой ініцыятывай. І яна найшла падтрымку.
Для мяне важна, што мы едзем не як просьбіты, а як прадстаўнікі той гістарычнай супольнасьці, якая шануе ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі, яе сымбалі”.
Праграма сьвята ўключае паказ фільма рэжысэра Юр'я Хашчавацкага “Плошча”, выставы мастакоў Алеся Марачкіна й Рыгора Сітніцы, фатографаў Ігара Крашэўскага ды Адама Тухлінскага. Заплянаваныя таксама выступ Зьмітра Вайцюшкевіча, прэзэнтацыя слоўніка Лявона Баршчэўскага.
Спадар Баршчэўскі, чый выступ значыцца ў праграме, цьвердзіць, што з прэзэнтацыі слоўніка ён толькі пачне сваю прамову:
“Я, канечне, буду гаварыць ня толькі пра слоўнік. У першую чаргу –пра праблему палітзьняволеных і пра існаваньне нашай грамадзянскай супольнасьці. Зьвярну ўвагу абавязкова і на іншыя пытаньні”.
Мастак Алесь Марачкін цьвердзіць, што паездка ў Страсбур надзвычай адказная, паколькі важна паказаць эўрадэпутатам ня толькі палітычную сытуацыю на Беларусі:
“Яны захацелі паглядзець і на духоўныя здабыткі мастакоў, сьпевакоў, кампазытараў, літаратараў... І я думаю, што такі пачатак вельмі неблагі. Палітыка – яна і ёсьць палітыка. А абмен духоўнымі багацьцямі больш раскрывае народ: хто мы, якія мы, куды мы ідзем? І ўсё астатняе”.
Цягам тыдня заплянаваныя дыскусіі і сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці, прэсавая канфэрэнцыя, а таксама абмен думкамі па тэме “Незалежная Беларусь – неад'емная частка Эўропы”. Будзе паднімацца пытаньне, якое лябіруюць беларуская апазыцыя і дэпутаты Эўрапарлямэнту: пра зьніжэньне памеру консульскага збору зь беларусаў за шэнгенскія візы.