Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добра, што я не жанчына


Сярод шматлікіх «міжнародных дзён» «Дзень жанчын» я ўспрымаю асабліва сур'ёзна хаця б таму, што самыя блізкія мне людзі - дзьве жанчыны: жонка і дачка, а дачка нарадзілася якраз 8 сакавіка. Аднак калі я назіраю за агульнай сытуацыяй жанчын у сьвеце, дык прыходжу да высновы, што лепей нарадзіцца мужчынам.


Калі б здарылася так, што я нарадзіўся дзяўчынкай у Кітаі, дык было б ужо добра, што мне наагул дазволілі нарадзіцца. Там па сёньняшні дзень мужчынскі нашчадак значна больш чаканы і пажаданы, чым дзяўчынка, якая ў сытуацыі строгага дзяржаўнага кантролю за нараджальнасьцю можа стаць ахвярай аборту альбо забойства пасьля нараджэньня. Няшмат лепей мне жылося б у Індыі, дзе раўнапраўе жанчыны - праблема, за вырашэньне якой ніхто нават не бярэцца.

Крый Божа наагул нарадзіцца дзяўчынкай у перанаселенай Азіі альбо Афрыцы, дзе я мог бы патрапіць у лік 600 мільёнаў непісьменных жанчын. У ісламска-племянной культуры Афрыкі я мог бы быць выданы замуж у 13 гадоў, 12 гадзін на дзень працаваць, быць зьбіваны, гвалтаваны, паддадзены варварскаму звычаю жаночага абразаньня, якое адбірае ў жанчыны прыроднае задавальненьне ад полавых зносін. У выніку адсутнасьці элемэнтаранй мэдычнай апекі я мог бы апынуцца сярод васьмі мільёнаў жанчын, якія штогод з гэтай прычыны паміраюць у часе цяжарнасьці і родаў. Лёгка мог бы стацца кожнай трэцяй жанчынай, якая губляе здароўе ў выніку сямейнага гвалту, часьцей чым у выніку малярыыі і дарожных аварыяў. Няцяжка мне было б патрапіць у тыя 57% афрыканскіх жанчын хворых на СНІД, альбо стаць авярай «ганаровага забойства» ў ісламе за паводзіны, якія могуць быць палічанымі абразай гонару мужа і сям'і. Існуе таксама рэальная магчымасьць таго, што я патрапіў бы ў улік перамешчаных асобаў - ахвяраў этнічных канфліктаў, 85% якіх складаюць жанчыны.

Адносна няблага было б мне нарадзіцца дзяўчынкай у Скандынавіі, дзе паказьнікі ўдзелу жанчын у грамадзкім, прафэсійным, культурным і рэлігійным жыцьці -найвышэйшыя ў сьвеце. Усеагульны доступ да адукацыі, да мэдыцыны, высокая дапамога па беспрацоўі і матэрыяльная дапамога жанчынам з малымі дзецьмі - гэта тое, чаго можна было б жадаць усім жанчынам.

Я ня супраць таго, каб нарадзіцца дзяўчынкай і жыць у некаторых заходніх англа-саксонскіх краінах або ў Галяндыі, дзе статус жанчыны набліжаны да скандынаўскага. Таксама я ня супраць жыць у Злучаных Штатах - калысцы барацьбы за правы жанчын.

Калі б я нарадзіўся жанчынай у Беларусі, дык на «Жаночае сьвята» я атрымаў бы кветку, віншавальную паштоўку альбо невялікі падарунак. Магчыма нават атрымаў бы з рук «усенародна абранага» прэзыдэнта «мэдаль заслугі» альбо « Ордэн Маці». Прэзыдэнт мог бы згадаць і мяне, падымаючы тост за «работящих женщин», але наўрад ці гэта кампэнсавала б мне нізкі ўзровень жыцьця, безграшоўе, і агульную беспэрспэктыўнасьць жыцьця ў гэтай краіне.

Сёлета спаўняецца роўна 100 гадоў з часу страйку жанчын у Нью Ёрку, якія патрабавалі для сябе выбарчых правоў і аднолькавых з мужчынамі заробкаў. Што тычыцца выбарчых правоў, дык рух суфражыстак і затым фэміністак паступова дасягнуў сваёй мэты. Жанчыны ў Новай Зэляндыі атрымалі выбарчыя правы найраней - у 1893 годзе, у Аўстраліі у 1902-м, у Фінляндыі у 1906-м, у Злучаных Штатах у 1920-м, а некаторыя эўрапейскія краіны дапусьцілі жанчын да ўдзелу ў выбарах толькі ў 70-80 гады.

Што тычыцца аднолькавых заробкаў, дык тэарэтычна яны гарантаваныя законам у шэрагу краінаў сьвету, у тым ліку ў Злучаных Штатах, дзе аднак гэта адбылося паступова і ў выніку лавіны судовых позваў. Пры гэтым ня трэба забывацца, што ў сярэднім жанчыны ў разьвітых краінах усё роўна зарабляюць усяго 77% таго, што мужчыны, а ў краінах так званага Трэцяга сьвету - 73%.

Шэраг міжнародных арганізацыяў, такіх як ААН, лічыць нераўнапраўе і дыскрымінацыю жанчын ганьбай сучаснага сьвету і яго галоўнай праблемай. Дагэтуль распрацавана шэраг міжнародных праграм дапамогі жанчынам, але іх вынік мізэрны. У сьвеце надалей ёсьць дзясяткі краін, дзе «правы жанчын» - гэта рытарычная фігура і супярэчлівы эпітэт кшталту «жывога трупа» альбо « гарачага лёду». У шэрагу краінаў сьвету, не бяз шкоднага ўплыву вялікіх рэлігіяў, якія замацавалі падпарадкаваны статус жанчыны, мільёны жанчын ня маюць права на адукацыю, ня могуць мець нічога ва ўласнасьці, ня могуць распараджацца нават сваім целам, ня могуць адмовіць у полавых зносінах, ня могуць прымаць рашэньні ў справе дзяцей ня кажучы пра прафэсійную дзейнасьць па-за домам. Па ўсім сьвеце жанчыны надалей становяцца ахвярамі сучаснага нявольніцтва, гандлю людзьмі і вымушанай прастытуцыі.

З сумам прыходзіцца канстатаваць, што жанчыне вельмі часта прыходзіцца выбіраць паміж дзецьмі ды сям'ёй і прафэсійнай кар'ерай. Спалучыць адно з другім цяжка, і таму ў заходніх краінах і нізкая нараджальнасьць, і невялікі працэнт жанчын у палітыцы, навуцы і эканоміцы. Жанчыны ня хочуць больш быць толькі «жонкамі і маці», але ў гэтай адвечнай функцыі іх ніхто ня можа замяніць. Гэта ўсьведамілі нават самыя заядлыя фэміністкі.

Па ўсім сьвеце, на вялікі жаль, жанчыны ня толькі з прычыны фізіялёгіі, болю родаў і цяжару мацярынства жывуць горш, хаця і статыстычна даўжэй за мужчын. Гэта факту ня зьменяць усе санэты, гімны і дытырамбы ў гонар жанчын, натхненьне мастакоў і творцаў. Варта гэта ўсьведаміць асабліва ў Міжнародны дзень жанчын. Акрамя традыцыйнай кветкі, дробнага падарунку і віншаваньняў, заміж цалаваць жанчын па руках, рабіць камплімэнты і прапускаць першымі ў пераходзе, што не патрабуе ад мужчын шмат высілку, лепей падумаць - як дасягнуць рэальнага зраўнаньня правоў жанчын з мужчынамі.

Віншуючы блізкіх майму сэрцу жанчын, а таксама ўсіх знаёмых і незнаёмых жанчын зь іхным сьвятам і жадаючы ажыцьцяўленьня тых плянаў, якія былі пастаўленыя перад жанчынамі 100 гадоў таму, усьведамлячючы фактычны стан, усё ж усьлед за габрэйскай малітвай рабіна Юды хачу сказаць: «Дзякую Табе, Божа, што Ты не стварыў мяне жанчынай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG