Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе дысыдэнты плывуць у адной лодцы


Куба, Бірма, Паўночная Карэя, Туркмэністан, Расея, Беларусь – такія адрасы іншадумцаў і перасьледаваных грамадзкіх актывістаў, што разам з Вацлавам Гаўлам сёньня дзяліліся ў Празе асабістым досьведам жыцьця ў дыктатуры і грамадзянскага змаганьня зь ёю. Гавэл, адзін з найбольш вядомых у сьвеце дысыдэнтаў, выступіў з ініцыятывай стварэньня міжнароднага руху “Сьвет супраць гвалту”.


Дысыдэнты з шасьці краінаў прыехалі ў Чэхію , дзе сёньня адкрываецца дзясяты, юбілейны фэстываль фільмаў праваабарончай тэматыкі “Адзін сьвет”. Ад Беларусі арганізатары запрасілі Артура Фінькевіча, зь якога, як было сказана, яшчэ ня выветрыўся “турэмны дух” – з дня яго вызваленьня з калёніі мінуў роўна месяц. Артур, аднак, гаварыў больш не пра свой досьвед – гаварыў пра Казуліна і Кіма, пра крымінальны перасьлед такіх, як ён, моладзевых актывістаў.

Калі пра свой лёс расказваў грамадзкі актывіст зь Бірмы Мін Зін, было ў яго аповедзе шмат знаёмага: да дэмакратычнага руху далучыўся ў 14 гадоў, калі арыштавалі яго старэйшых брата і сястру, быў выгнаны са школы і перасьледаваны, эміграваў на Тайвань... Вось што Мін Зін адказвае на пытаньне пра грамадзянскія сілы, якія б маглі стаць апорай дэмакратызацыі яго краіны:

“Мая краіна, Бірма, краіна аграрная, тут няма разьвітай індустрыі, рабочага клясу, прафсаюзаў, як у эўрапейскіх краінах. Гэта вялікая розьніца. Асноўная апора для пераменаў у Бірме - гэта студэнты і будысцкія манахі. Я думаю, што мы ўбачым свабоду ў Бірме неўзабаве, але гэта ня будзе проста як зьмена ночы на дзень, гэта будзе працэс доўгага пераходу.”

Асвальда Вальдэс назваў сябе адным з двух мільёнаў уцекачоў з Кубы. Ён быў адным з заснавальнікаў Лібэральна-дэмакратычнай партыі Кубы, у часе масавых працэсаў над дысыдэнтамі атрымаў 18 гадоў турмы, адкуль быў умоўна вызвалены з прычыны дрэннага стану здароўя. Асвальда Вальдэс у нашай размове выказаў меркаваньне, што і пасьля адыходу Кастра камунізм і выбудаваная ім сыстэма на Кубе застаюцца. Сярод прычынаў рэкордна доўгай дыктатуры Фідэля Асвальда Вальдэс назваў і тое, што кубінскі рэжым актыўна пераймаў вопыт КДБ і нямецкай штазі. Вось як кубінскі дысыдэнт адказаў на пытаньне, ці маюць шанцы эўрапейскія дыктатары паўтарыць рэкорд Фідэля:

“На шчасьце, думаю, у Эўропе ня стане тое самае, што на Кубе. Хаця ў Беларусі няма такіх дэмакратычных інстытутаў, як у астатняй Эўропе, але там ёсьць актыўныя дэмакратычныя сілы, якія ціснуць на рэжым. Беларусь або Расею нельга ізаляваць ад заходняй Эўропы так, як Кастра ізаляваў ад астатняга сьвету Кубу.”

Калі Вацлаў Гавэл падсумоўваў свае ўражаньні ад выслуханых аповедаў, ён сказаў: здаецца, што ўсе дысыдэнты плывуць у адной лодцы... Былы прэзыдэнт падкрэсьліў, што салідарнасьць – неадменная ўмова выжываньня дысыдэнтаў. Гавэл прапанаваў стварыць свайго роду “грамадзкую ААН” для супольнага інфармаваньня аб парушэньнях правоў чалавека і адпаведнага ціску на ўрады-парушальнікі. Вось як Гавэл акрэсьліў матывы сваёй міжнароднай ініцыятывы:

“Можа быць, гэта цалкам ўтапічная ідэя. Але калі я бачу гарманічныя, салідарныя сувязі, узаемнае паразуменьне і адкрытасьць паміж людзьмі з такіх розных краінаў як Бірма і Куба, або Паўночная Карэя і Беларусь, дык мяне не пакідае пытаньне, ці ня ёсьць гэта проста заклік да арганізаванага працяглага супрацоўніцтва ў нечым, што можа працягвацца гадамі, што заслужыла б сваю павагу і знайшло водгук у многіх кутках сьвету.”

Паводле прапановы Гаўла, такая міжнародная ініцыятыва магла б мець назву “Сьвет супраць гвалту”.

На здымку : сёньня падчас сустрэчы у Чарнінскім палацы ў Празе ( зьлева направа – Артур Фінькевіч, Аксана Чэлышава з Расеі, Фарыд Тухбатулін з Туркменістану, Вацлаў Гавэл, Асвальда Вальдэс з Кубы, Мін Зін з Бірмы. )


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG