Наведнікі сайту “Хартыі’97” абмяркоўваюць навіну пра тое, што адміністрацыя калёніі “Віцьба-3” адмовіла былому кандыдату на пасаду прэзыдэнта, палітвязьню Аляксандру Казуліну ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. А ў афіцыйным лісьце родным гаворыцца, што Казулін “зарэкамэндаваў сябе з адмоўнага боку: мае 10 парушэньняў рэжыму ўтрыманьня”.
Камэнтары: “Рэжым цалкам адсякае сабе любы шлях для адыходу. Асабліва пасьля апошніх палітычных заяваў Казуліна”;
“Сядзяць Л і Н, думаюць, што рабіць. Выпусьціць страшна, ня выпусьціць – народ паўстане, што няма нічога чалавечага. Л не вытрымлівае і гаворыць: “Бедны Саша! Не магу я выпусьціць яго з турмы ў такое надвор'е”.
У гасьцёўні музычнага парталу “Тузін гітоў” пішуць пра “Рок-каранацыю”, якая сёньня ладзіцца 12-ы раз:
DeXta: “Па шчырасьці, рок-карону-2007 ня трэба даваць нікому. Аніводны рок-гурт не прадаў значнай колькасьці альбомаў і ня даў канцэртаў, больш маштабных за які-небудзь паўзачуханы клюб”.
Лідэр гурту “NeuroDubel” Аляксандар Кулінковіч, уладальнік рок-кароны ды іншых прызоў конкурсу:
“Сьмех гэта ўсё: каму даваць карону, а хто ня варты найвышэйшай пашаны. Ува ўсіх прэтэндэнтаў “рыльца ў пушку”. Адны гралі мала, іншыя ня тут, хтосьці мала прадаў дыскаў у адной сетцы крамаў... Лухта гэта ўсё. Свае “кароны” кожны з намінантаў ужо атрымаў ад сваёй публікі. Прыемна атрымаць кавалак крышталю, але галоўнае – цікавасьць людзей. А яна ёсьць ува ўсіх нас (удзельнікаў “Каранацыі”)”.
На форумах парталу Tut.by абмяркоўваюць пляны ўладаў Менску пабудаваць адзіны на ўсіх менскіх студэнтаў гарадок – непадалёк ад станцыі мэтро “Пятроўшчына”, якая пакуль што будуецца. Пачатак будаўніцтва студэнцкага гарадка заплянаваны ўжо на канец бягучага году. Камэнтары:
“Вы не ўяўляеце, што будзе, калі ўсіх студэнтаў сабраць разам у адным месцы :))”;
“Эх, вось бы там свой піўны шапік паставіць”;
“Абнесьці калючым дротам і забясьпечыць найстражэйшы прапускны рэжым”;
“Спадзяюся, там будзе філіял вэнэрычнага дыспансэру, радзільня і кругласуткавы ЗАГС, як у Лас-Вэгасе”.
Пісьменьнік Адам Глобус у сваім блогу адгукаецца на публікацыю ў мужчынскім часопісе “Playboy” фатаздымкаў сьпявачкі Алены Сьвірыдавай, колішняй мянчанкі:
“Калі ты бачыш сваю старую знаёмую – Алену Сьвірыдаву – на вокладцы часопісу “Плэйбой” і ў цябе не ўзьнікае жаданьня той часопіс купіць, міжволі задумаесься. Зразумела, здымак зафаташоплены і залізаны да млоснай ілжывасьці. Ясна й тое, што трэба было, каб Алена зьявілася на плэйбоеўскай вокладцы не сягоньня, а гадоў дваццаць назад, калі вы маладыя і вясёлыя пілі каву ў Траецкім прадмесьці і марылі пра цуды. А яшчэ: каб на той вокладцы не было напісана “Алена Сьвірыдава”, ты б яе адразу й не пазнаў... Час задумацца ў цябе абмежаваны, бо ўжо абвясьцілі пасадку на рэйс. Ты сядаеш у “боінг” і абяцаеш сабе днямі абавязкова купіць і прачытаць часопіс, дзе будзе напісана, што ў Алены ўсё выдатна”.
На сайце відэаблогаў belarus-live.tv выкладзены новы мультфільм з сэрыялу “Саўс-парк”, перакладзены на беларускую мову. У новай сэрыі перакладзеная таксама загалоўная песьня, што гучыць перад кожнай сэрыяй:
“Выехаў я, Саўс-парк, хоць агнём гары,
Сьціплы піпл без пантоў, правінцыйная гасьціннасьць,
Выехаў я, Саўс-Парк, адцягнуцца дні на тры,
Суседзі: “Як дзялы?”, паркавацца колькі ўлезе...”