Пра гэта начальнік калёніі “Віцьба-3” паведаміў па тэлефоне былому адвакату А.Казуліна Ігару Рынкевічу.
Спадар Рынкевіч абураны такой заявай В.Агнісьцікава. Ён сказаў:
“Кожная гадзіна на свабодзе Аляксандра Казуліна палохае ўладу”.
Паводле спадара Рынкевіча, родныя і паплечнікі жадаюць сустрэцца з А.Казуліным, многія тэлефануюць з рэгіёнаў. Спадар Рынкевіч кажа, што А.Казулін законапаслухмяны і ён прыедзе ў калёнію. Аднак, паводле Ігара Рынкевіча, трэба адняць тэрмін, які быў патрачаны на дарогу з калёніі і назад. Таму А.Казулін мусіў бы вярнуцца каля 5 гадзінаў раніцы 29 лютага.
“Я лічу, што гэта чарговае парушэньне правоў А.Казуліна".
Нагадаем, палітвязьня Аляксандра Казуліна ўлады выпусьцілі з турмы на трое сутак водпуску для ўдзелу ў пахаваньні жонкі Ірыны Казулінай. Фармальна такое рашэньне прыняў начальнік віцебскай калёніі В.Агнісьцікаў 25 лютага каля 20 гадзінаў. Праз дзьве гадзіны на сваім аўтамабілі Агнісьцікаў вывез А.Казуліна з калёніі, і каля гадзіны ночы яны прыехалі да дому палітвязьня ў Менску. Паводле крымінальна-выканаўчага заканадаўства, у тэрмін такога кароткачасовага водпуску не залічваецца час, які неабходны асуджанаму на дарогу да месца прыбыцьця і назад.
У выпадку з А.Казуліным тэрмін яго водпуску завяршаецца каля гадзіны ночы 29 лютага. Затым А.Казулін мусіць выехаць зь Менску і вярнуцца ў калёнію без усялякага канвою.
Аднак адміністрацыя калёніі настойвае, каб палітвязень прыбыў у калёнію да 20 гадзінаў 28 лютага. Пры гэтым адміністрацыя зрабіла спасылкі на рэжым дня ў калёніі. Аднак правілы ўнутранага распарадку папраўчых установаў даюць магчымасьць вяртаньня асуджаных "у начны час ці ўраньні". Паводле Ігара Рынкевіча, гэта азначае, што А.Казулін "мае права вярнуцца за калючы дрот каля 5 гадзінаў раніцы 29 лютага".
Паводле Ігара Рынкевіча, неправавая пазыцыя ўладаў адносна правядзеньня водпуску А.Казуліна пазбаўляе яго ня меньш за 8 гадзінаў свабоды.