Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.
Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.
Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
Сёньня ў пасёлку Тарасава пад Менскам пахавалі Ірыну Казуліну. Пра сьмерць Ірыны і падзеі вакол сям’і Казуліных у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”:
Волюсь, Гомель: “Ад усёй сваёй сям’і і родных выказваю спачуваньні і падтрымку Вользе і Юліі Казуліным. Трымайцеся, дзяўчаткі! Патрабаваньне да ўлады: вызваліце з турмы Аляксандра Казуліна. Лукашэнка, пабойся Бога і гневу народа”.
Павел Васільевіч, вэтэран, Менск: “Паважанае Радыё Свабода! Аляксандар Уладзіслававіч! Вы назвалі ўвесь беларускі народ сваёй адзінай сям’ёй. Дазвольце і нам назваць вас адным з найлепшых сыноў народа і выказаць вам вялікае спачуваньне ў вашым вялікім асабістым горы. Цемра зьнікае, праўда хлусьню заўжды перамагае. І заўтра прыйдзе свабода ўсім: і вам, свабоднаму чалавеку, і ўсяму паднявольнаму гістарычна народу. Свабоду Казуліну!”
Уладзімер: “Няхай зямля будзе вечна пухам гэтай мужнай жанчыне”.
Спадар: “У гэты дзень, у гэты сумны момант я хачу аддаць належнае сям’і Казуліна. Паважаны кандыдат на прэзыдэнта, трымайцеся, беражыце сваіх дачушак! І дай Бог усім вашым родным здароўя, шчасьця і ўсяго самага найлепшага. Гэта дзень жалобы, смутку. Чалавек хавае сваю жонку. Такі ўжо лёс. Але дай Бог, каб атрымалася нешта лепшае”.
“Прывітаньне, Свабода! Зьезьдзілі сёньня ў Чырвоны касьцёл разьвітацца з Ірынай Казулінай. Скончылася яе зямная пілігрымка. Даруй нам усім, Ірына — нашая беларуская Мадонна. Сьветлая ёй памяць”, — напісала ў СМС-лісьце Алена Ляшнеўская зь Менску. Далей ізноў тэлефанаваньні:
Спадар: “Прывітаньне! Хачу задаць пытаньне, а дзе знаходзяцца гэтыя глушылкі, якія глушаць Радыё Свабода? Як толькі дайшло да Казуліна і карэспандэнта “Камсамольскай праўды”, усё адразу заглушылі. Вось і нашыя падаткі, і свабода друку, сумленьня і слова. Дзякуй”.
Спадарыня: “Я за Казуліна, за яго жонку, за дзяцей. Удзячная за вашы перадачы. Вельмі шкадую, што такое становішча”.
Пэнсіянэрка, Баранавічы: “Слухаю ваша радыё вельмі шмат гадоў. Вельмі ўдзячная за праўдзівую інфармацыю. Спачуваю спадару Казуліну і яго дочкам Юліі і Вользе. Трымайцеся! Усяго вам найлепшага! Жыве Беларусь!”
Лявон і Марыля, Маладэчна: “Мы з жонкай шчыра плачам, пайшла ад нас Ірына Казуліна. Бязьмежнае гора Аляксандра, бязьмежнае гора яе маці, яе родных, блізкіх, дачок. Хай Бог прыме душу Ірыны і няхай яна адтуль дапамагае ўсім нам, усёй Беларусі. А гэта так! Яна веруючы чалавек, яна будзе дапамагаць! І ўрэшце час цемры ў нас скончыцца”.