На гэтыя ды іншыя пытаньні Віталя Цыганкова адказвае палітык Аляксандар Дабравольскі.
Лукашэнка проста неадэкватна ўспрымае рэчаіснасьць. Ягоныя дзеяньні цалкам пярэчаць здароваму сэнсу
Варта адзначыць, што размова запісвалася 25 лютага ўвечары, але, відавочна, што высновы і ацэнкі, зробленыя Аляксандрам Дабравольскім, актуальныя і цяпер, калі Казулін выпушчаны на 3 дні для разьвітаньня з жонкай.
Цыганкоў: “Чаму Лукашэнка баіцца выпусьціць Казуліна? Ня будзем нават казаць пра маральны аспэкт справы.. Няўжо ён як палітык ня бачаць тыя нэгатыўныя наступствы, якія могуць здарыцца з-за гэтага?”
Дабравольскі: “Я думаю, што Лукашэнка проста неадэкватна ўспрымае рэчаіснасьць. Ягоныя дзеяньні цалкам пярэчаць здароваму сэнсу. Можа быць, нашаму народу, каб ён прачнуўся, і трэба такая сытуацыя -- як у аповесьці Васіля Быкава “Сотнікаў” – ці з Богам, ці з д’яблам.
Лукашэнка вельмі помсьлівы чалавек – я яго асабіста ведаю. Тое, што ён цяпер робіць, ніяк не спрыяе ягонаму аўтарытэту, -- і гэта будзе вялікая пляма на ягоным сумленьні, калі яно ў яго ёсьць”.
Цыганкоў: “Лукашэнка проста ня можа пераступіць праз сабе, праз свае асабістае нэгатыўнае стаўленьне да Казуліна? Ці ёсьць іншыя прычыны? Можа, ён лічыць, што Казулін уцячэ? Альбо што пачнецца грамадзкі ўздым?”
Дабравольскі: “Ён баіцца ўсяго. Гэта чалавек, які больш за ўсіх у краіне баіцца. Але я думаю, ён ня можа пераступіць праз свае асабістыя адносіны да Казуліна ў першую чаргу”.
Беларуская прапаганда ніколі маральнасьцю не вызначалася.
Цыганкоў: “Які выхад для ўлады цяпер? Я думаю, Лукашэнка ўпусьціў момант, калі можна было выпусьціць Казуліна без стратаў для сабе. Але і зараз ня позна. Як можа разьвівацца сытуацыя?”
Дабравольскі: “Я думаю, што Лукашэнка вымушаны будзе выпусьціць Казуліна – так ці інакш. Але чым далей ён будзе цягнуць, тым большыя страты для яго будуць. Бо растлумачыць людзям, чаму ты такі помсьлівы, чаму ты ня хочаш адпусьціць чалавека на разьвітаньне з жонкай, хаця толькі што казаў, што хочаш яго адпусьціць паехаць з ёй на лячэньне – немагчыма гэта растлумачыць”.
Цыганкоў: “Дасюль дзяржаўная прапаганда маўчыць. Ці будзе яна падключаная, ці хопіць розуму і сумленьня стрымацца?”
Дабравольскі: “Беларуская прапаганда ніколі маральнасьцю не вызначалася. Але напэўна, ёсьць на тэлевізіі і ў газэтах адэкватныя людзі, якія павінны разумець, што ёсьць агульначалавечыя прынцыпы і хрысьціянскія каштоўнасьці, і ісьці супраць іх яны не захочуць. Хаця – усяго можна чакаць”.