Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У віцебскай управе выкананьня пакараньняў ня ведаюць, ці адпусьцяць Казуліна


Віцебскія незалежныя журналісты і праваабаронца Павел Левінаў спрабавалі высьветліць, што вядома пра пэрспэктывы ад'езду Аляксандра Казуліна на пахаваньне жонкі.


Дзяжурны па абласной управе выкананьня пакараньняў паведаміў, што ніякай інфармацыі пра гэта ня мае. Ён пацьвердзіў, што кіраўніцтва ўстановы ведае пра сьмерць Ірыны Казулінай і што распараджэньняў пра магчымасьць водпуску для зьняволенага Аляксандра Казуліна чакаюць зь Менску.
Калёнія "Віцьба-3"
Начальнік калёніі "Віцьба-3" Віталь Агнісьцікаў таксама паведаміў журналістам і праваабаронцу Левінаву, што ніякіх указаньняў з дэпартаменту выкананьня пакараньняў пакуль што не было. У адказ на пытаньне пра самаадчуваньне Аляксандра Казуліна начальнік калёніі сказаў, што той дужа перажывае сьмерць жонкі, таму і настрой, і самаадчуваньне адпаведныя. "Па-чалавечаму мне яго шкада", – сказаў Віталь Агнісьцікаў.

Цікавасьць да стану справаў у Аляксандра Казуліна не засталася не заўважанай супрацоўнікамі пэўных структураў. Машыну з карэспандэнтамі і праваабаронцам каля калёніі "Віцьба-3" спынілі міліцыянты падразьдзяленьня "Тайфун" і пацікавіліся, што яны там робяць, прыяжджаючы трэці раз за апошнія суткі. Атрымаўшы тлумачэньні і зазірнуўшы ў салён, супрацоўнікі міліцыі адышлі ад машыны, але самі засталіся дзяжурыць на шашы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG