Некалькі юнакоў і дзяўчат раніцай перадалі дзяжурнаму менскага ваенкамату зварот і букет белых і чырвоных кветак. У звароце яны павіншавалі вайскоўцаў і выказалі спадзяваньне, што ў беларускім войску прыслухаюцца да іх рэкамэндацый, сярод якіх — адмова ад прымусовай службы ў войску і пераход на кантрактную сыстэму.
Маладафронтаўцы перадалі зварот ня толькі ў вайсковы камісарыят. Некалькі асобнікаў яны даслалі ў Міністэрства абароны і райваенкаматы.
У звароце яны, у прыватнасьці, напісалі:
“Мы, як эўрапейская патрыятычная моладзь Беларусі, нагадваем вам, што беларускае войска мае амаль тысячагадовую гісторыю, i сёньня вы, як нашчадкі вялікага гонару гетмана Астроскага, слаўных перамогаў Biтaўтa Вялікага, адвагі Касьцюшкі, мусіце, гледзячы на гісторыю, разумець, што толькі прафэсійнае, дзеяздольнае войска, заснаванае на эўрапейскай кантрактнай сыстэме, будзе выклікаць ня толькі павагу ў вачох уласнага народу, але й ўяўляць сур'ёзную моц”.
А 5 вечара некалькі маладафронтаўцаў спачатку паспрабавалі зрабіць акцыю ў падтрымку Андрэя Кіма насупраць будынку КДБ, але пабачыўшы міліцыянтаў у цывільным, прайшлі далей на плошчу Незалежнасьці. Там насупраць Дому ўраду юнакі некалькі хвілінаў прастаялі з расьцяжкай: “Свабоду Андрэю Кіму!”.
Андрэя Кіма затрымалі пад час разгону акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня. Яго трымаюць у сьледчым ізалятары. Хлопца абвінавачваюць у пагрозе міліцыянту, супрацоўніку ДАІ, які яго затрымліваў. Маладафронтаўцы выступілі ў абарону Андрэя Кіма, нягледзячы на тое, што ён з’яўляецца сябрам іншай незарэгістраванай арганізацыі “Ініцыятыва”. Яны патлумачылі, што за іх паплечнікаў – Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча змагаліся актывісты усіх моладзевых арганізацый.