“ЛіМ” на гэтым тыдні 1938 году дае слова Міхасю Ларчанку, які піша: “У 30-40 гг. ХІХ ст. дзейнічалі на Беларусі польскія рэакцыйна-нацыяналістычныя, прыгонніцкія пісьменнікі А.Рыпінскі, Ян Чачот і Баршчэўскі, якія ў сваёй пісаніне імкнуліся апалячыць беларускі народ, зноў далучыць Беларусь да панскай Польшчы. Нездарма беларускія нацыянал-фашысты імкнуліся ўзвесці гэтых бяздарных пісьменнікаў у аснавапаложнікі беларускай літаратуры. {Але былі ў нас такія пісьменнікі... якія стварылі сваю паэзію, накіраваную супроць польскіх захватчыкаў і беларускіх памешчыкаў. З такіх пісьменнікаў нам вядомы толькі Паўлюк Багрым”.}
Яшчэ раз “ЛіМ”, год 1958. Газэта адзначае: “Тры гады назад тут былі каменні і цэгла — адно з нямногіх месц у Мінску, якое яшчэ нагадвала пра суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер на гэтым месцы ўзвышаецца цудоўны будынак, які здзіўляе сваёй прыгажосцю. Гэта Беларуская дзяржаўная кансерваторыя... Складаныя арнаменты столі і карнізаў, мяккая мэбля на ўсіх паверхах, дывановыя дарожкі — усё гэта нямала каштавала нашай дзяржаве. І яна не шкадуе грошай дзеля таго, каб з кожным днём расла музычная культура Беларусі”.
“Днямі мне давялося пабываць у адной з вёсак Мастоўскага раёна, — піша Язэп Палубятка на старонках “Народнай волі” ў 1998 годзе. — На вуліцы мяне спыніў незнаёмы сталага ўзросту чалавек... Селянін распачаў адразу гутарку пра Хартыю’97 і напрыканцы папрасіў адаслаць лісток са звычайнага вучнёўскага сшытка з подпісамі яго і суседзяў у падтрымку гэтай ініцыятывы. На маю думку, гэтыя подпісы больш важныя, чым подпісы дзеячаў культуры і навукі, бо яны свой выбар павінны былі зрабіць даўно”.